• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сяргей Пульша: «Гена, ты куды? Мы недаразмаўлялі!»

    Менавіта такое пачуццё ў мяне цяпер — пачуццё недасказанасці. Нібыта мы пачалі размову, і яе не скончылі. А цяпер — няма з кім. Гена Кеснер памёр ва ўзросце ўсяго 50 гадоў.

    Нават не памятаю, калі мы пазнаёміліся, бо гэта было настолькі даўно, што, кажуць, «няпраўда». Пэўна, у газеце «Беларуская маладзёжная», яшчэ ў 90‑я гады мінулага стагоддзя. Напэўна, гэтая «няпамятлівасць» — адна з асаблівасцяў Гены. Ён лёгка ўпісваўся ў любую кампанію, дастаткова было паўгадзіны — і ён паўсюль быў «сваім», было адчуванне, што ты яго ведаеш сто гадоў, калі не больш.

    Гена вельмі любіў прафесію — гэта было бачна. Ён, безумоўна, шмат працаваў у іншых праектах — з фондам «Дзеці Чарнобыля» Генадзя Грушавога, перакладчыкам, у тым ліку сінхраністам з нямецкай мовы. Ён удзельнічаў у праекце «Народны альбом» і любіў згадваць, як яны выступалі ў час прэзентацыі гэтага альбому… Але ён распавядаў безліч баек, цікавых гісторый ды проста сяброўскіх плётак менавіта з журналісцкага жыцця. Гену можна было б назваць нават скарбонкай журналісцкага фальклору — ці не на любую тэму яму знаходзілася што распавесці, прывязанае менавіта да журналістыкі.

    Ён быў цікавым, і вельмі сумленным чалавекам. Падавалася б, з ягонай лінгвістычнай адукацыяй ён мог бы жыць, як усе, пры гэтым — няблага. Але ягонае жыццё было даволі пакручастае — ад студэнцкіх гадоў, калі ў часы Перабудовы ён падбухторваў студэнтаў выходзіць на маршы за дэмакратыю. Нібыта выпадкова ён трапіў на радыё «Беларуская маладзёжная», дзе пазнаёміўся з усёй камандай — Жанай Літвіной, Таццянай Мельнічук і іншымі. Можа быць, і там праявіліся яго здольнасці «ўпісацца ў любую кампанію»? Але ён адтуль так і не сышоў у спакойнае і, можа быць, больш заможнае абывацельскае жыццё.

    З гэтай камандай ён перажыў ліквідацыю радыё «Беларуская маладзёжная» за часамі Кебіча (так, і да Лукашэнкі была гісторыя і былі рэпрэсіі). З гэтай камандай ён перажыў узлёт і ліквідацыю «Радыё 101,2», — ці не найлепшую нават па сённяшніх стандартах беларускамоўную незалежную FM-станцыю. Ён быў адным з тых, хто ад пачатку падтрымаў стварэнне Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    І цікава — ці не ўсе праекты, да якіх судатыкаўся Гена, сталі паспяховымі, знакавымі для краіны, і, можна сказаць, легендарнымі. Ад таго ж фонду «Дзецям Чарнобылю» і радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная», і да «Народнага Альбому» і БАЖу.

    Можа быць, таму, што ён ніколі не губляў аптымізму і пачуцця гумару? Памятаю, аднойчы ўзімку ў Раўбічах праходзіла канферэнцыя фонду Грушавога, і нас з ім пасялілі ў нумары катэджа, у якім не было ацяплення ад слова «зусім». Як мы перажылі сцюдзёную ноч, калі ад холаду заснуць немагчыма было нават пад трыма коўдрамі — загадка дагэтуль. Але тая не вельмі прыемная сітуацыя ў вуснах Гены потым ператварылася ўсяго толькі ў адну з журналісцкіх баек, якую ён распавядаў з непазбежным гумарам. Маўляў, журналіст здольны на звышвысілкі, калі яму «свеціць» добры матэрыял.

    У Гены быў рак горла. Апошнімі часамі ён размаўляў шэптам. Але нават шэптам ён не пераставаў расказваць улюбёныя гісторыі.

    Супольныя вандроўкі, семінары, прэс-канферэнцыі… Асабліва мне падабаліся яго падначкі калегаў (і мяне ў тым ліку), калі мы вялі «наўпроставыя лініі» з мітынгаў апазіцыі, надыктоўваючы свае назіранні і ўражанні ў рэдакцыі па тэлефоне. «Добрая ў цябе праца, — казаў ён мне. — Рот закрыў, і працоўнае месца прыбранае». За гэтыя жартачкі мы яго таксама любілі.

    На жаль, гэта ўсё цяпер, як «мінулае». Але гэта таксама вучыць не адкладаць «сённяшняе» на «заўтра», якое, можа быць, вельмі раптоўна не настане…

    Апошні раз мы з ім сустрэліся літаральна месяц таму, і ён паведаміў, што не згаджаецца легчы на чарговую аперацыю. І ў мяне не дастала словаў, каб пераканаць яго ўсё ж пагадзіцца на прапановы дактароў. З той сустрэчы і засталося адчуванне нейкай недасказанасці, недаразмоўленасці… Нібыта, нешта хацеў сказаць, але не сказаў.

    Бывай, дружа. Калі ТАМ нешта ёсць — мы яшчэ паразмаўляем…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці