Сярэдзіч аб прысудзе Золатавай: «Спэктакль, які ня мае пад сабой крымінальнай падставы»
Галоўны рэдактар «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч пракамэнтаваў Свабодзе вырак галоўнай рэдактарцы парталу Tut.by Марыне Золатавай.
«Адразу было відаць, што гэта спэктакль, які ня мае пад сабой крымінальнай падставы. А калі няма крымінальнай падставы, то ня можа быць, каб прысуд быў больш жорсткім.
А тое, што штрафныя санкцыі, то ой колькі „Народная воля“ іх выплаціла. Дай Бог нам сёньня мець, дык мы б бязьбедна жылі. Ну што, гэта ж у традыцыях нашай улады, нашай дзяржавы. Таму я думаю, што ўсё будзе нармальна», — сказаў Ёсіф Сярэдзіч.
На пытаньне, чаму ўлады не пайшлі на тое, каб апраўдаць Марыну Золатаву, Сярэдзіч адказаў: «Зразумела, што калі ўжо распачаўся гэты спэктакль, ён павінен быў мець і другую дзею. Вось другая дзея і адбылася».
4 сакавіка суд Заводзкага раёну Менску пакараў Марыну Золатаву штрафам у памеры 7650 рублёў (300 базавых велічынь). Таксама Золатава мае аплаціць судовыя выдаткі (на аплату адвакатаў БелТА) 6000 рублёў.