«Сядзіць у адзіночцы, вучыць нямецкую і арабскую». Што вядома пра аўтара «Новага часу» Дзядка
Вядомы актывіст анархісцкага руху і блогер Мікалай Дзядок за кратамі працягвае самаадукацыю.
Мікалай Дзядок адбывае свой 5‑гадовы тэрмін зьняволеньня ў горадзенскай турме № 1, куды яго перавялі больш за год таму з калёніі № 9 у Горках. У якіх умовах знаходзіцца Мікалай Дзядок, Свабодзе расказала дасьведчаная ў ягоных справах крыніца.
«Сядзіць у адзіночнай камэры. На прагулкі выводзяць рэгулярна, на гэта ня скардзіцца. Са здароўем ёсьць праблемы — страўнік, галаўныя болі. Але спрабуе зь імі разабрацца. Чарговую мэдычную бандэроль для яго пранялі без праблем. На харчаваньне таксама не наракае», — расказала крыніца.
Мікалай Дзядок мае два дыплёмы аб вышэйшай адукацыі, ведае ангельскую мову, на якой вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Коўне. Паводле крыніцы, палітвязень на гэтым вырашыў не спыняцца і ўвесь вольны час прысьвячае самаадукацыі.
«Цяпер ён самастойна вучыць нямецкую і арабскую мовы, не забывае і пра ангельскую. Сярод кніг, якія яму ўдаецца замаўляць, у асноўным слоўнікі, даведнікі, падручнікі. Арабская мова для яго не проста хобі, але і прафэсійны занятак, бо ягоная дыплёмная праца ў ЭГУ прысьвячалася паліталягічным праблемам на арабскім Блізкім Усходзе. Калі Мікалай бываў у Ізраілі і Ярданіі, дык кантактаваў з арабамі на іх роднай мове. Цяпер, пэўна, ягоныя веды арабскай сталі яшчэ большымі», — мяркуе крыніца.
Паводле суразмоўцы, Мікалай Дзядок мае магчымасьць тэлефанаваць сваякам, ад яго даходзяць лісты, хаця і ня так часта, як раней з калёніі. Таксама Дзядка наведвае адвакат.
Мікалая Дзядка арыштавалі ў лістападзе 2020 году ў Асіповічах, дзе ён часова пражываў і вёў блог, у якім асьвятляў падзеі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Улетку 2021 году Мікалая Дзядка асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым у падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і яшчэ ў двух злачынствах. Ні па адным з трох абвінавачаньняў Мікалай Дзядок не прызнаў сябе вінаватым. За час зьняволеньня ў сьледчым ізалятары калёніі № 9 і потым у горадзенскай турме № 1 актывіста шмат разоў каралі карцарам, ПКТ і штрафным ізалятарам як нібыта парушальніка ўнутранага рэжыму. Апошнім разам Мікалай Дзядок адбыў 17 дзён у ШЫЗА сёлета ў траўні.
Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Дзядка палітвязьнем.
Чытайце яшчэ:
Мужнасць. Марына Золатава намінаваная на прэмію «Рэпарцёраў без межаў»
В МВД Германии рассказали, кто сможет получить проездной документ вместо паспорта
Як не пераесці інфармацыі? Разважае псіхолаг