“Сядзі дома! Чытай Hrodna.life” — журналісты крэатыўна заклікалі чытачоў да сацыяльнага дыстансавання
Банеры і графіці з надпісам “Сядзі дома. Чытай Hrodna.life” з’явіліся на сценах пяці гродзенскіх будынкаў раніцай 23 сакавіка.
Праўда, толькі ў віртуальным выглядзе. Фотамантаж зрабілі журналісты мясцовага медыя. На адным з графіці да сацыяльнага дыстансавання заклікае Мона Ліза, на іншым – Нэа.
Анлайн акцыя з графіці мае нагадаць гродзенцам пра даступныя меры прафілактыкі каранавіруса. Каб пазбегнуць інфікавання, трэба пазбягаць людных месцаў, трымаць дыстанцыю паміж асобамі не менш за метр, насіць медыцынскія маскі і вітацца без абдымкаў і поціскаў рук.
“Самае важнае за день абавязкова з’явіцца на старонках нашага выдання. Дзяжурныя па навінах адсочваюць сітуацыю ў свеце і ў Беларусі, – кажа галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота. – Вы можаце не адрывацца ад справаў кожныя пяць хвілін, каб паскроліць сеціва з небяспекаю нарвацца на фэйк, а пачытаць адабраную і правераную інфармацыю на нашым сайце”.
“Мы ўсведамляем, што праз каранавірус жыццё горада не спынілася, – кажа рэдактарка спецпраектаў Ірына Новік. – Апроч навінаў пра пандэмію, на Hrodna.life рэгулярна абнаўляюцца матэрыялы ў традыцыйных рубрыках. На мінулым тыдні мы пісалі пра гісторыю гродзенскага тэатра лялек, cамадзейнага артыста Пашу Блэкстара і яго ўдзел у конкурсе Х‑фактар, пра абмеркаванне скульптуры Святога Губерта і выгляд Дома Мураўёва перад рэстаўрацыяй. Калі раней у вас не было часу на доўгія тэксты, то для самаізаляцыі лонгрыды з раздзела спецпраетаў – тое, што доктар прапісаў”.
Графіку і фотамантаж праекта зрабіла дызайнерка Воля Новік.
Паводле рэдакцыі, заклікаць застацца дома праз “супрацькаранавірусныя” графіці ў рэальнай гарадской прасторы было б не лагічна. У той жа час у сеціве актыўнаць карыстальнікаў і магчымасць ахопу шырокай аўдыторыі ў час пандэміі значна павялічылася. Да таго ж, анлайн акцыя мае быць больш аператыўнай і эфектыўнай у распаўсюдзе інфармацыі.