«Сядзець за праўду ня страшна». Інтэрвію з жонкай Джона Сільвэра
Эдуард Пальчыс, заснавальнік і аўтар сайту 1863x.com, знаходзіцца за кратамі сем месяцаў. Увесь гэты час жонка Вікторыя камунікуе з Эдуардам выключна праз пошту і адвакатку Ганну Бахціну. Як Пальчыс пачувае сябе ў камэры і на які прысуд спадзяецца, Вікторыя распавяла ў інтэрвію Свабодзе.
— Дзе і калі вы бачыліся апошні раз з Эдуардам?
— Апошні раз мы зь ім бачыліся ва Ўкраіне, перад ягоным ад’ездам у Расею. Яго затрымалі 23 студзеня. І ён ужо адседзеў 7 месяцаў. Нават трошкі больш. Спачатку ён знаходзіўся ў СІЗА Бранску. Адтуль быў доўгі этап. Спачатку яго адвезьлі ў Смаленск, потым у Віцебск, потым ужо ў Менск. А пасьля пікетаў перавялі ў Жодзіна.
— Думаеце, ягоны перавод зьвязаны зь пікетамі ў падтрымку?
— Я мяркую, што зьвязана. Бо гэта супадае па датах. 9 чэрвеня Павал Севярынец з Вольгай Мікалайчык праводзілі пікет каля СІЗА. А Эдуард потым сказаў, што ў тую ж ноч яго адвезьлі ў Жодзіна.
— Як падтрымліваеце сувязь з Эдуардам?
— Я пішу яму раз ці два на тыдзень. Але атрымлівае ён мае лісты толькі празь 7–10 дзён. Хаця ягоныя сукамэрнікі, кажа, маюць лісты праз 2–3 дні. Ягоныя так доўга затрымліваюцца, бо, відаць, праходзяць праз цэнзуру. Хаця я ня ведаю, каб нейкі ліст да яго не дайшоў.
Ён піша пра свае ўмовы, пра тое, як рухаецца справа.
Эдуард Пальчыс, архіўнае фота
Калі адвакатка да яго ходзіць, я прашу, каб яна распавядала пра навіны, зьвязаныя зь ім, пра ягоную падтрымку. Каб пераказвала, што пра яго тут памятаюць.
Таксама ён дагэтуль атрымлівае лісты і паштоўкі. Перад судом па крымінальнай справе яго перавядуць у Валадарку. Тады ён зможа перадаць свае рэчы. Кажа, што хоча аддаць мне цэлую торбу паштовак і лістоў, якія ў яго там назапасіліся.
— І які настрой у яго?
— Някепскі. Ён разумее, за што сядзіць. Кажа: «Я ж нікога не забіў, мяне трымаюць за кратамі па іншых матывах».
Таксама кажа, што сядзець за праўду ня так страшна, калі ў цябе ёсьць падтрымка на свабодзе, калі чакаюць жонка і сябры.
— Ёсьць у яго нейкія чаканьні наконт рашэньня суду?
— Ілюзіяў, што яго апраўдаюць, Эдуард ня мае. Кажа, што рыхтуецца да найгоршага. Што гэта будзе пазбаўленьне волі.
— А вы на што настройваецеся?
— Я моцна занятая ўсімі гэтымі справамі. Усё каардыную, заключаю дамовы з адвакатам, празь яго трымаю сувязь з Эдуардам. Можна сказаць, што гэта цяпер самая важная мая дзейнасьць.
Я ўсё ж такі маю надзею. Ня думаю, што суд яго апраўдае, але спадзяюся, што будзе ўлічаны той тэрмін, што ён ужо адседзеў. Спадзяюся, што з залі суда муж пойдзе дамоў, а не ў калёнію.