Сябры ГА “БАЖ” з Бабруйску запісалі гісторыі валанцёраў ByCovid19 і стварылі адмысловы сайт
На старонцы пра рух ByCovid19 у Бабруйску сабраныя шаснаццаць гутарак з валанцёрамі, якія ўвесну 2020 года ахвяравалі свае час і працу, каб дапамагчы медыкам змагацца з эпідэміяй каранавірусу. Акрамя сайта, аўтары праекта адкрылі фотавыставу, прысвечаную валанцёрам.
Праект “Яны ратавалі свой горад ад пандэміі” пра валанцёраў ByCovid19 у Бабруйску прыдумалі і рэалізавалі тры бабруйчанкі: Марына Маўчанава — журналістка, кіраўніца бабруйскай суполкі ГА “БАЖ”, Наталля Халанская — гарадская актывістка, прадпрымальніца, стваральніца і ўладальніца тайм-клуба “1387”, сябра ГА “БАЖ”, Юлія Саковіч — менеджарка фітнес-клуба.
Марына Маўчанава і Наталля Халанская — выпускніцы праграмы абмену паміж ЗША і Беларуссю Community connections. Удзел у гэтай праграме шмат у чым натхніў займацца тэмай валанцёрства ў родным горадзе, адзначалі дзяўчаты на адкрыцці выставы.
Марына Маўчанава цягам усяго 2020 года асвятляла сітуацыю з каранавірусам у Бабруйску, шмат пісала і пра дзейнасць валанцёраў. Наталля Халанская аддала памяшканні свайго клуба для працы валанцёраў: зборкі ахоўных экранаў для медыкаў, раскрою камбінезонаў і касцюмаў. Юлія Саковіч каардынавала працу валанцёраў, атрымлівала заяўкі на дапамогу ад паліклінік і лякарняў і размяркоўвала іх паміж удзельнікамі руху.
Ідэя праекта нарадзілася ў бабруйчанак на пачатку другой хвалі эпідэміі каранавіруса ў Бабруйску, тады стала зразумела, наколькі каштоўнай была дапамога валанцёраў, калі ўсё толькі пачыналася. Мясцовыя медыкі адзначалі, што руху ByCovid19, які спыніў сваё афіцыйнае існаванне напрыканцы лета, сапраўды не хапае.
А арганізатары праекта падумалі: несправядліва, што твары і імёны тых, хто так шмат зрабіў для дапамогі ў пераадоленні пандэміі, засталіся амаль невядомымі. Так і ўзнікла ідэя сабраць гісторыі найбольш актыўных валанцёраў і адкрыць выставу іх партрэтаў. Сярод валанцёраў ёсць яшчэ адзін сябра бабруйскай суполкі ГА “БАЖ” — журналіст Дзяніс Носаў.
“Мы — каманда бабруйскіх гарадскіх актывістаў — перакананыя: грамадства, не толькі беларускае, але і сусветнае, мусіць ведаць нашых самаахвярных валанцёраў у твар, а таксама чуць іх галасы, іх аповеды пра сябе, сваё жыццё, — кажуць арганізатары пра свой праект. — Дзеля гэтага мы падрыхтавалі для вас мультымедыйныя гісторыі бабруйскіх валанцёраў ByCovid19. Чытайце, глядзіце і знаёмцеся з гэтымі неверагоднымі людзьмі. Паверце, кожны з іх вельмі цікавы, унікальны, са сваёй непаўторнай жыццёвай гісторыяй, матывацыяй да валанцёрства, добрым і адкрытым сэрцам. Менавіта такія людзі змяняюць наш свет да лепшага”.
Гісторыі бабруйскіх валанцёраў ByCovid19 чытайце тут: https://bycovid19bobruisk.1387.by/.
Аўтарка гутарак — Марына Маўчанава, фатограф — Ала Сказава.
Фотавыстава будзе працаваць да 1 красавіка.
Адрас: Бабруйск, тайм-клуб “1387”, вул. Чангарская, 54. Уваход вольны.