• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сябры БАЖ уганараваныя праваабарончымі прэміямі

    У Мінску ўручылі прэміі ў галіне правоў чалавека, заснаваныя беларускімі праваабарончымі арганізацыямі. Сёлета прызы ўручалі ў намінацыях “Асоба”, “Праваабаронца года” і “Журналіст года ў галіне правоў чалавека”. Лаўрэатамі сталі два сябры ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

    Прэмію ў намінацыі “Асоба” атрымаў ветэран журналістыкі і праваабарончага руху, сябра БАЖ Валерый Шчукін. Яго артыкулы з’яўляліся ў газетах “Товарищ” і “Народная воля”. Самога Шчукіна дзясяткі разоў затрымлівалі супрацуоўнікі праваахоўных органаў на апазіцыйных акцыях, збівалі, а колькасць праведзенага ім часу за кратамі вылічваецца месяцамі. Ганаровы дыплом 73-гадоваму Валерыю Шчукіну ўручыў былы палітвязень, кіраўнік зачыненага ўладамі Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі.

    А прэмію “Журналіст года ў галіне правоў чалавека” атрымаў карэспандэнт “Еўрапейскага радыё для Беларусі” таксама сябра БАЖ Зміцер Лукашук.

    Вось толькі адна з прычын, чаму ён сёлета атрымаў прэмію. Пасля шэрагу інтэрв’ю з украінскімі добраахвотнікамі, валанцёрамі, байцамі ўзброеных сіл Украіны і праваабаронцамі, рэдакцыя “Еўрарадыё” вырашыла даць пазіцыю іншаму боку. У эфіры і на сайце выйшлі інтэрв’ю з так званым прэм’ер-міністрам ДНР Аляксандрам Захарчанкам. А праз некалькі дзён да “ЕР” звярнуўся валанцёр з Херсона Дзмітрый Углач. Уцякач з акупаванага Расіяй Крыма, былы супрацоўнік праваахоўных органаў Украіны Дзмітрый займаецца дапамогай ваеннапалонным у занятым сепаратыстамі Данецку, вядзе перамовы па вызваленні вайскоўцаў з палону, дапамагае выехаць на тэрыторыю Украіны цывільным грамадзянам. Прапанова ўкраінскага валанцёра была ў наступным: выйсці яшчэ раз на Захарчанку і ад імя “Еўрарадыё”, спасылаючыся на нядаўна распачатыя ў Мінску перамовы па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, і папрасіць так званага прэм’ер-міністра ДНР паспрыяць вызваленню шэрагу палонных.

    Прапанову Дзмітрыя Углача падтрымаў калектыў “Еўрарадыё”. Журналісты зноў звярнуліся да Аляксандра Захарчанкі, даслалі спіс з прозвішчамі ваеннапалонных. Перамовы цягнуліся амаль два тыдні, але нечакана, без папярэджання з боку ДНР, група палонных была вызваленая. Беларускія праваабаронцы лічаць, што ў гэтым ёсць непасрэдная заслуга Змітра Лукашука.

    Паводле ягоных словаў, гэтая ўзнагарода сталася для яго нечаканаю. “Так, тэма правоў чалавека займае хай і не першае, але вельмі важнае месца сярод тэмаў маіх рэпартажаў на “Еўрарадыё”. У адным выпадку сюжэт рэпартажу і паварот тэмы нараджаецца спантанна, у іншым – прапрацоўваецца і рыхтуецца доўга і сур’ёзна. Так, тэма ваеннапалонных у канфлікце на Данбасе даволі часта ўздымалася падчас маіх інтэрв’ю з украінскімі салдатамі, добраахвотнікамі, валанцёрамі, святарамі і палітыкамі. Вынікам іх стала гісторыя, апісаная ў выніковым матэрыяле.

    Тэма асуджаных да смяротнага пакарання і разваг над тым, колькі таго пакарання здолелі ўнікнуць прывяла ў выніку да інтэрв’ю з адным такім “шчасліўцам”.

    Увогуле, тэма правоў чалавека тым ці іншым чынам закранаецца даволі часта. Вось толькі частка рэпартажаў на гэтую тэму, падрыхтаваных Лукашуком цягам гэтага году:

    “Беларусь кажа, што не прызнае кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека ААН»

    Праз якую судзімасць тры апазіцыянеры не трапілі ў склад акруговай камісіі?

    Пад амністыю не трапяць наркагандляры і паклёпнікі на кіраўніка дзяржавы

    Юрыст: “Пагражаюць арыштам, а кажуць, што працаваць не прымушаюць!”

    Ці можна выклікаць у суд чалавека з дапамогай СМС?

    Дэпутат: “Людзям мяняць працу толькі таму, што мы прынялі нейкі закон?!”

    Кветкі Змітру Лукашуку ўручыла былая старшыня БАЖ, сябра праўлення асацыяцыі Жанна Літвіна.

    “Кожны з сёлетніх лаўрэатаў па-свойму мне дарагі і блізкі чалавек. Супадаюць нашы грамадзянскія пазіцыі, нашы перакананні, я ў захапленні ад самаахвярнасці сваіх калегаў. Жадаю, каб доўгія-доўгія гады жыў гэты наш конкурс, і каб мы яшчэ неаднойчы віншавалі выбітных людзей у праваабарончай сферы”, — сказала Жанна Літвіна.

    “Праваабаронцам года” быў названы намеснік старшыні ПЦ “Вясна” юрыст Валянцін Стэфановіч.

    Традыцыйна пераможцаў Нацыянальнай прэміі беларускіх праваабаронцаў за дасягненні ў галіне правоў чалавека вызначаюць у трох намінацыях: “Праваабарончая дзейнасць”, “Адвакацкая дзейнасць” і “Журналістыка”. У адкрытым галасаванні бяруць удзел лідары праваабарончых арганізацый (у тым ліку ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, РПГА “БХК”, закрытага ўладамі ПЦ “Вясна”, “Праваабарончага альянсу” і іншых) і былыя лаўрэаты конкурса. 

    Прэмію заснавала ў 2008 годзе зарэгістраваная ў Літве арганізацыя “Праваабарончы альянс”.

    У папярэднія гады ў журналісцкай намінацыі праваабаронцы адзначалі Сямёна Печанко, Алега Груздзіловіча, Уладзіміра Грыдзіна, Юлію Дарашкевіч, Андрэя Пачобута, праграму “Маю права” тэлеканала “Белсат”, Алену Панкратаву і сайт spring96.org.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці