Сябру ГА «БАЖ» – штраф 10 мінімалак
3 снежня суд Свіслацкага раёна аштрафаваў гродзенскага сябра ГА «БАЖ» Віктара Сазонава на 10 базавых велічыняў (1 млн 800 тысяч рублёў) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі (арт. 23.34 КаАП).
Акцыя ўшанавання памяці паўстанцаў 1863 адбылася напрыканцы кастрычніка 2015 года ў Свіслачы і Якушоўцы, дзе было радавое гняздо Каліноўскіх. На яе з’ехалася каля сотні актывістаў, пераважна з заходніх рэгіёнаў Беларусі.
У судзе міліцыянты сведчылі, што Віктар Сазонаў трымаў бел-чырвона-белы сцяг і знаходзіўся ў месцы правядзення акцыі. Насамрэч сп-ра Сазонава ў Якушоўцы не было – ён у гэты момант знаходзіўся ў іншай частцы Свіслацкага раёна. Паказанні міліцыянтаў на гэты конт разыходзіліся: адзін сведчыў, што Сазонаў быў у Якушоўцы, другі казаў, што не. Віктар Сазонаў збіраецца абскарждваць рашэнне суда.
За акцыю «Дзень памяці паўстанцаў 1863 года» судзілі ўжо шэсць грамадскіх актывістаў.
Гродзенскі праваабаронца, сябра ГА «БАЖ» Уладзімір Хільмановіч атрымаў аналагічную позву ў суд на 8 снежня.