Святлана Курс: Нават правая Rzeczpospolita прыхільна напісала пра “Чорны пратэст” полек
Журналістка Святлана Курс, якае жыве ў Варшаве, распавяла як медыя паставіліся да пратэсту полек і як журналісту максімальна нейтральна праявіць грамадзянскую пазіцыю.
У Польшчы адбыўся шматтысячны агульнанацыянальны страйк жанчын — так званы «Чорны пратэст» супраць магчымай поўнай забароны і крыміналізацыі абортаў.
Гаворка ідзе пра грамадзянскі законапраект, які трапіў на разгляд у Сейм і які цалкам забараняе перапыненне цяжарнасці. Сейм накіраваў законапраект на дапрацоўку сеймавым камісіям.
“Было многа народу, моцная акцыя. Не ўзнёслая, бо законапраект уяўляе сур’ёзную небяспеку і ўсе разумеюць гэта. Было многа сірэн, барабанаў, усё даволі прыгожа прайшло. Мне хочацца ганарыцца людзьмі, якія гатовыя за сябе пастаяць. Ліў такі дождж, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць. Але гэта не перашкодзіла сабрацца, бо закон, які хочуць прыняць, вельмі кепскі, як у дачыненні да жанчын, так і ненароджаных дзяцей. Бо ніводны доктар з рызыкай для сябе цяпер не будзе брацца нешта рабіць ў жываце маці”.
Святлана адзначае, што кіраўніцтва рэдакцыі ніякім чынам не перашкаджала намеру журналістаў далучыцца да прастэсту.
“Калег нікога не бачыла, бо людзей было так многа, што, можа, нейкія пяцьсот метраў я ішла гадзіну ў натоўпе. Наша кіраўніцтва нармальна паставілася да намеру падтрымаць пратэст, яно ў нас ліберальнае і не ўмешваецца ў погляды. У нас дзве жанчыны на працы і абедзьве ўдзельнічалі ў пратэсце.
Я не хачу ацэньваць тое, што сказала спадарыня Агнешка Рамашэўская, бо лейтэнанты не каментуюць словы генералаў. Але такая заява, натуральна, можа паўплываць на рашучасць супрацоўнікаў тэлеканала прыйсці ў чорным ці пайсці на пратэст. Увогуле, безадносна Рамашэўскай, непаважліва гаварыць такія словы да людзей, якія могуць паўстаць перад няпростым выбарам”.
Святлана Курс гаворыць, што польскія медыя па-рознаму падыходзілі да асвятлення пратэсту, але нават цэнтральнае правае выданне станоўча паставілася да грамадзянскай пазіцыі полек:
“У радыкальна правых пракаталцкіх СМІ былі не надта паважныя выказванні на тэму гэтага пратэсту. Мяне ж здзівіла, што нават правая Rzeczpospolita вельмі прыхільна напісала пра акцыю. Увогуле многія асобы з правага PiSаўскага электарату прыязна паставіліся да пратэсту. Бо і ў правых публіцыстаў ёсць жонкі, жанчыны, якія мелі пазаматачныя цяжарнасці, замёрлыя цяжарнасці… Людзі разумеюць пагрозу ад закона. А хто, скажыце, цяпер будзе займацца жанчынамі, каб сесці ў турму на 5 гадоў? Ніхто! Кепска, канешне, выказваўся епіскапат каталіцкі, самыя жалезныя PiSаўцы. Заклікалі да правядзення белага пратэсту. Так што варта чакаць, што касцёл выведзе на вуліцу сваіх людзей у белым”.
“Я падтрымала маральна, і чорнае апранула ў той дзень, схадзіла паглядзела, каб пра гэта распавесці. Я не грамадзянка Польшчы, так я жыву тут, але імкнуся не ўмешвацца ў дзяржаўныя справы. Як жанчына, беларуска, я падтрымліваю полек. Мне цяжка заставацца абыякавай. Але імкнуся прайсціся па тонкай лініі размежавання. Унутры сябе я адчувала журналісткай”, — гаворыць Святлана Курс.