Святлана Калінкіна звольнілася з “Народнай волі”
– Ніякага канфлікту няма, проста ў мяне з’явіліся новыя ідэі і новыя праекты, – расказала ў панядзелак Святлана Калінкіна прэс-службе ГА “БАЖ”.
Экс-шэф-рэдактар “Народнай волі” распавяла, што сёння першы дзень, калі яна не працуе ў выданні. Загад пра звальненне Калінкінай галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч падпісаў на мінулым тыдні.
– Мы дамовіліся, што я працягну друкавацца ў “Народнай волі”, але цяпер збіраюся заняцца і іншымі праектамі, пра што, магчыма, стане вядома праз тыдзень-другі.
Ніякага канфлікту з Іосіфам Сярэдзічам у нас не адбылося. Іосіф Паўлавіч паставіўся да майго звальнення па-філасофску і нават падпісаў загад 1 красавіка – патлумачыўшы, што яго заўсёды можна будзе скасаваць і назваць першакрасавіцкім жартам, – распавяла Калінкіна.
Святлана Калінкіна больш за дзесяць гадоў працавала ў незалежнай газеце, дзе апошнія гады была шэф-рэдактарам.