Святлана Алексіевіч выйшла з Рускага ПЭН-цэнтра
Нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч выйшла з Рускага ПЭН-цэнтра ў знак пратэсту супраць выключэньня адтуль журналіста Сяргея Пархоменкі і адмовы падтрымаць ўкраінскага рэжысёра Сянцова.
«Справа ў тым, што топчуцца ўсе ідэалы заснавальнікаў ПЭНа. Канфлікт з Пархоменкам адбыўся з‑за таго, што не першы раз ужо Рускі ПЭН адмаўляецца падпісваць лісты ў абарону людзей, які пакутуюць ад пуцінскай улады, — сказала «Нашай Ніве» Алексіевіч. — І вось зараз канкрэтна быў выпадак з рэжысёрам Сянцова, якi адбывае тэрмін … Зноў ПЭН дэклараваў, што гэта не справа пісьменнікаў — некага абараняць, нешта адстойваць, справа пісьменнікаў сядзець ціхенька і пісаць — гэта значыць аблізваць боты улады.
Мяне доўга прасілі не сыходзіць, бо і так дзясяткі годных людзей сышлі [з Рускага ПЭН-цэнтра]: Уліцкая, Вайновіч, іншыя. Я заставалася, бо людзі прагрэсіўныя спадзяваліся, што атрымаецца выстаяць у гэтай барацьбе, што «цёмная» частка не пераможа. Але не ўдалося.
І я не маю падстаў больш удзельнічаць у гэтай гульні.
Магу сказаць так: нешта падобнае з пісьменнікамі было ў сталінскія часы — каб так баязліва сябе паводзілі пісьменнікі, пісьменніцкія арганізацыі. Але Пуцін сыдзе, а гэтая старонка застанецца ў гісторыі пена».
Нагадаем, напрыканцы мінулага года Рада ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” уручыла Святлане Алексіевіч дыплом ганаровага сябра арганізацыі і пасведчанне Міжнароднай федэрацыі журналістаў.