Святлана Алексіевіч пра Беларусь: Наша рэвалюцыя не перамагла, але героі рэвалюцыі ў нас ёсць
Нобелеўскую прэмію па літаратуры Святлана Алексіевіч прымае "як паклон многіх пакаленняў савецкіх людзей, якія яшчэ нядаўна жылі разам у велізарнай краіне — СССР, марксісцкай лабараторыі "светлай будучыні", як паклон іх пакутам і болю". Пра гэта беларуская пісьменніца заявіла 10 снежня ў Стакгольме на банкеце з нагоды ўручэння Нобелеўскіх прэмій за 2015 год.
«Я ўдзячная Шведскай акадэміі за высокую ўзнагароду, якую не магу сабе прысвоіць», — сказала лаўрэат.
Паводле слоў Алексіевіч, у гады перабудовы «мы марылі пра свабоду, а апынуліся ў зусім іншай кропцы гісторыі». «На постсавецкай прасторы замест свабоды расквітнеў аўтарытарызм розных масцей — рускі, беларускі, казахскі. Павольна і няўпэўнена мы выбіраемся з‑пад абломкаў чырвонай імперыі», — зазначыла пісьменніца.
Частку свайго выступлення Алексіевіч прысвяціла Беларусі: «Я хачу расказаць пра маю краіну — Беларусь. У Мінску, у аэрапорце, калі я ляцела ў Варшаву, да мяне падышлі дзве маладыя дзяўчыны, яны плакалі: «Дзякуй вам. Разумееце, мы цяпер ёсць, цяпер усе ведаюць, дзе Беларусь». Гэтае «дзякуй» я перадаю ўсім вам. Пасля жнівеньскага путчу 91-га года, калі Беларусь атрымала незалежнасць, ужо вырасла некалькі пакаленняў. У кожнага з іх была свая рэвалюцыя. Яны выходзілі на плошчу, яны хацелі жыць у свабоднай краіне. Іх збівалі, адпраўлялі ў турмы, выганялі з інстытутаў, звальнялі з працы. Наша рэвалюцыя не перамагла, але героі рэвалюцыі ў нас ёсць. Свабода — гэта не хуткае свята, як мы марылі. Гэта шлях, доўгі шлях. Цяпер мы гэта ведаем».
На думку Алексіевіч, мэта мастацтва — назапашваць чалавека ў чалавеку. «Але калі я была на вайне ў Афганістане і цяпер, калі размаўляла ва Украіне з бежанцамі з Данбаса, я чула, як хутка злятае з чалавека культура і выпаўзае пачвара, агаляецца звер», — зазначыла яна.
«Але я пішу, — падкрэсліла Алексіевіч, — працягваю пісаць, як вучылі мяне мае настаўнікі — беларускія пісьменнікі Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, якіх у гэты дзень я хацела б успомніць з удзячнасцю, як вучыла мая ўкраінская бабуля, якая ў дзяцінстве чытала мне «Кабзара» Тараса Шаўчэнкі на памяць. Пішу навошта? Мяне называюць пісьменнікам катастроф. Гэта няпраўда, я ўвесь час шукаю словы любві. Нянавісць нас не выратуе, нас выратуе толькі любоў. Я спадзяюся».
Заключную частку прамовы Алексіевіч сказала па-беларуску. «На развітанне я хацела б, каб у гэтай цудоўнай зале прагучала беларуская мова, мова майго народа», — растлумачыла яна.