Святлана Ціханоўская заклікала міністра замежных спраў Польшчы захаваць «Белсат»
Падчас публічнага форуму NATO беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская сустрэлася з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім. Сярод іншага яны абмеркавалі сітуацыю з тэлеканалам «Белсат».
Святлана Ціханоўская распавяла міністру замежных спраў Польшчы Радаславу Сікорскаму пра крытычную важнасць і ўнікальнасць тэлеканала.
«Я таксама падкрэсліла неабходнасць захавання і падтрымкі тэлеканала «Белсат» і санкцыянавання рэжыму ў Беларусі, а не людзей», — распавяла спадарыня Ціханоўская ў сваім афіцыйным акаўнце ў сацсетцы Х.
Нагадаем, што 4 ліпеня кіраўнік «TVP World» Міхал Бранятоўскі абнародаваў праект рэформы тэлебачання, пад які патрапіць і «Белсат».
«Ліквідацыі «Белсату» не будзе, будзе новая структура. Я хачу падкрэсліць – «Белсат» не знікае, ён атрымлівае новыя магчымасці», – пераконвае кіраўнік «TVP World». — Гледачы ўбачаць змены 1 сакавіка 2025 года. Тады ж будзе прадстаўлена і новая назва. Гэта супадзе з прэзентацыяй новых рамак. У назве не будзе TVP, але будзе прысутнічаць слова «Польшча». Пошук новай назвы ўжо вядзецца».
Эксперты гавораць, што перамены прывядуць да страты значнай часткі аўтаномнасці і скарачэнняў на тэлеканале. А былы супрацоўнік тэлеканала Зміцер Ягораў зазначыў, што «новыя ўлады Польскага Тэлебачання, разам з урадам Польшчы (МЗС у прыватнасці) у межах «рэформы замежных рэдакцыяў» ліквідуюць… не, не «Белсат», а ягоную аўтаномію – у вельмі вялікай ступені».