• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сведчаць пацярпелыя: Мне пашанцавала, бо я журналіст, а ныркі адбілі раней

    Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Сусветная Арганізацыя супраць катаванняў (OMST) рапачалі кампанію па дакументаванні выпадкаў катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступленняў. якія адбыліся ў Мінску з 9 па 13 жніўня. Расповед запісаны па тэлефоне.

    Сяргей Герасімовіч.

    Я, Герасімовіч Сяргей Валянцінавіч, быў затрыманы 10 жніўня, у 21 гадзіну вечара каля гатэлю “Юбілейная”. Мы шлі з калегамі, журналістамі, і размаўлялі, аўтамабілі на праспекце пачалі сігналіць і я падняў руку. І тут амапаўцы крычаць: “Ідзі сюды!” Я падыйшоў, і пачалася жэсць — закінулі ў аўтазак і адразу дубіналамі — ду-ду-ду. Мне не пашанцавала напэўна з усіх затрыманых болей, таму што калі праехалі 30 метраў, мяне перакінулі ў бусік, дзе сядзелі ціхары. Там ізноў “апрацавалі”, а калі даехалі да Нямігі, мяне перакінулі ў аўтазак і там мяне зноўку “апрацавалі” дручкамі.

    Пазней прывезлі на Акрэсціна, мы прайшлі гэтак званы “калідор славы”, калі ты ідзеш, а яны стаяць і дубінкамі цябе хер…ць.

    Далей размову са мной праводзілі, пыталіся, куды я ішоў і іншае глупства. Прымушалі здымаць майткі, дагала распраналі, застаўлялі прысядаць і пры гэтым білі па мяккіх тканках. І я там такі быў не адзін, такіх, у камеры хто са мной сядзеў, было дастаткова.

    Далей мяне, як журналіста, трохі пашкадавалі, кінулі ў 7 камеру. Са мной сядзеў Андрэй Вітушка, гэта доктар, Улад Сакалоўскі, дыджэй, які ўключыў “Перамен” у Кіеўскім скверы. Слава богу, яго не білі, гэта важна, з ім усё добра. Куча іншых хлопцаў сядзела з намі. Мы адсядзелі і далей такая метода пайшла — суда ў нас не было, пачалі кожнага выклікаць, бо нас было 40 чалавек на 20 кв. метраў. Мы там не спалі, проста стаялі.

    Праз суткі яны нас пачалі выклікаць: “Як ты сюды патрапіў?” Там людзей  выпадковых было процьма… Уласна у мяне ў камеры столькі, што толькі я і яшчэ адзін хлопец якія рэальна на плошчу пайшлі. Гэта з 40 чалавек. Хто за півам выйшаў, ці за сігарэтамі, ці яшчэ што. Карацей бралі людзей проста з горада, з Уручча там… сталі выклікаць следчыя і пытаць, як ты там апынуўся? Зразумела, кажуць, гэта амапаўцы там перастараліся, а мы ўсё вырашым, «будет все хорошо, все, сейчас будем тебя выпускать».

    Уся камера была ў эйфарыі. Па два-тры чалавекі забіралі — ўсё, выпускаем вас.

    Гематомы на целе Герасімовіча.

    А потым: “Тварам уніз! Тварам уніз!” і падпісваць пратаколы. Я напісаў збоку, што азнаёмлены, а ім пофіг было, не яны іх складалі, а тыя, хто нас выводзіў. Я не мог зразумець чаму? І калі сталі выганяць, а як жа уласныя рэчы, грошы? І вось нас выводзяць і я разумею, што пачынаецца месілава. Нас выводзяць ва ўнутраны дворык Акрэсціна, ставяць на калені ўсіх і “Майку падняў!» І глядзелі там. Майткі спусціў!” і глядзелі. Ныркі мне адбілі пакуль у тры аўтазакі перакідвалі, кроўю мачыўся.

    Яны пачынаюць біць людзей пасля 12 ночы, моцна біць! Людзі равуць, плачуць — жанчыны, мужчыны, ім без розніцы. Яны ўсіх б’юць так, што гаўно са сракі пайшло.

    Мне, шчыра скажу, трохі пашанцавала, таму што журналіст і ныркі былі адбіты раней. І амапавец так:  «Гэтага я сам «абработаю». Сам падышоў, па срацы пары разоў ударыў і калені адбіў.  І ўсё. Гэта верх гуманізма.

    Скажыце падрабязней, як вас збівалі і чым?

    Уласна мяне ў аўтазаках дубінкамі білі.

    Можа вы запомнілі тых, хто біў?

    Не, усе ў масках на твары, як іх пазнаць можна? А яшчэ ў адзін момант заўважыў, што яны былі з розных раёнаў. “Эй, Акцябрскі, хочаце іх пабіць? “Давайте, воспітательную работу с ними проведите. Давай, Октябрьский район, иди”. І амапаўцы з усіх раёнаў Мінску, яны там былі.

    Адкажыце, калі ласка, колькі чалавек было ў камеры, ці была ежа, вада?

    Вада была ў кране, ежы не было, тры дні нас не кармілі. Адзін раз нас зранку пакармілі, у аўторак, 12 жніўня, нам далі паесці кашу і чай. Гэта было за шчасце. 20 нас у камеры сядзелі, а потым яшчэ 20, ну можа 35–36 нас было, амаль 40 чалавек — у камеры, якая 20 квадратных метраў і 6 нар.

    Пасцельнай бялізны нікому не выдавалі, нешта проста валялася ад бамжоў, ці ад каго яшчэ. Нічога нікому не выдавалі, вы што! Мяккую паперу нам толькі адна жанчына, добрая такая канваірша, на трэці дзень спытала — ці ёсць у нас папера? Пайшла, адматала і дала нам туалетную паперу.

    Хацеў яшчэ сказаць, што перада мной паставілі хлопцаў і іх так білі, так білі і потым адправілі ў СІЗО. Яны не б’юць нас днем, днём яны баяцца.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці