«Сваё Кіно»: гродзенская прэзентацыя новага фільма Уладзіміра Казлова
У гродзенскай арт-прасторы ДОМ46 праект “Сваё кіно” прадставіў новы фільм беларускага рэжысёра Уладзіміра Казлова “Анамія”.
Фільм распавядае пра жыццё падлеткаў у расійскім Калінінградзе і іх адносіны да сучаснага свету. Сам рэжысёр на прэзентацыю фільма не здолеў прыехаць і таму распавёў пра фільм падчас скайп-канферэнцыі.
“Гэты фільм быў зроблены, каб разварушыць гледача — распавёў рэжысёр Уладзімір Казлоў. — Я не займаюся маралізатарствам і не прапаную нейкіх рэцэптаў. Бо гэта — не задача рэжысёра і пісьменніка, я магу толькі падштурхнуць людзей, каб яны задумаліся над тым, што адбываецца вакол іх”.
Арганізатарка паказаў “Сваё Кіно” Наталля Бружнік кажа, што праект узнік пасля фэста “Бульбамуві-2016”, які таксама быў прадстаўлены ў Гродне:
“Мы паказвалі ў Гродне фільмы пераможцаў фэсту і анімацыйную праграму. Пасля фэсту было вельмі шмат водгукаў і ў тым ліку водгукаў незадаволеных. Таму што цягам года ніякіх іншых паказаў не адбываецца. І мы вырашылі рабіць такія паказы штомесяц. Гэта кіно, якое паказвае нашу рэальнасць, паказвае мяркаванне аўтара, гэтае кіно кранае нас сваімі пачуццямі. На маю думку, у фільме “Анамія” ідзе размова пра тое, што маладое пакаленне згубіла ўсялякія арыенціры, пра тое, чым яно кіруецца ў сваіх дзеяннях».
Прадстаўнікі праекта “Сваё кіно” цягам бліжэйшых некалькі месяцаў абяцалі паказаць у Гродне новыя фільмы, якія нельга пабачыць на вялікім экране.
Фота Аляксандра Саенкі