Свабода выказваньня, рэлігійныя пачуцьці й граблі
9 сакавіка паліцыя Ірляндыі выкрыла меркаваную змову супраць швэдзкага мастака Ларса Вілкса, аўтара карыкатуры на прарока Мухамэда, за якую яму ўжо некалькі разоў пагражалі, а ў 2007 г., адна з іракскіх груповак нават прызначыла 100 000 даляраў за ягоную галаву.
На наступны дзень прынамсі тры швэдзкія газэты перадрукавалі скандальны малюнак: прарок пададзены з тулавам сабакі (у мусульманскім сьвеце сабака лічыцца сымболем нячыстага).
Нагадаю, што ўпершыню абразьлівыя для рэлігійных пачуцьцяў мусульманаў малюнкі зьявіліся ў дацкай газэце Jyllands-Posten у верасьні 2005 г. Варта таксама нагадаць, што ў 2005–2006 гадох карыкатуры выклікалі ў мусульманскіх краінах масавыя пратэсты, падчас якіх у сутычках з паліцыяй загінула больш за 100 чалавек.
Надзвычай бурнай была таксама рэакцыя і ў эўрапейскай журналісцкай і інтэлектуальнай супольнасьцях. Распачатая тады дыскусыя тычылася як стасункаў з мусульманскімі краінамі і мусульманскімі абшчынамі ўнутры эўрапейскіх грамадзтваў, так і праблемаў свабоды прэсы і цэнзуры.
Пазыцыі бакоў тагачаснага канфлікту былі прыкладна такія: праціўнікі публікацыі сьцьвярджалі, што карыкатуры зьяўляюцца ісламафобскімі і расісцкімі, а прыхільнікі настойвалі на тым, што малюнкі ёсьць легітымнай праявай права на свабоду выказваньня, якое пад прэтэкстам абразы пачуцьцяў часам рэпрэсуецца альбо робіцца аб’ектам самацэнзуры. Да таго ж, малюнкі, паводле меркаваньня прыхільнікаў , не накіраваныя толькі і выключна супраць мусульманаў. Бо неад’емнай часткай эўрапейскай традыцыі зьяўляюцца карыкатуры і датычна іншых рэлігіяў ды іхніх прадстаўнікоў. Праблема ж палягае ў рэлігійнай талеранцыі ці неталеранцыі.
Тыя карыкатуры, як вядома, перадрукавалі шмат якія эўрапейскія выданьні. І вось сёньня зноў маем аналягічную сытуацыю, таму зусім не лішне ўзгадаць пра некаторыя ацэнкі і высновы, якія рабіліся ў той час.
Італьянскі філёзаф Паола Флорэс д’Аркэ ў зьвязку з канфліктам сьцьвярджаў у Le Monde, што межы свабоды слова не могуць вызначацца рэлігійнымі пачуцьцячмі якой-небудзь рэлігійнай групы. Што ў прынцыпе правільна.
А Ёка Она ў інтэрвію Berliner Zeitung зьвярнула ўвагу на іншы бок права на свабоду выказваньня: “Надзвычай важная рэч палягае ў тым, каб выяўляць разуменьне поглядаў іншых людзей”. А таму палічыла, што публікацыя карыкатураў была памылкай.
Сацыёляг Рашыд Аміру адзначаў у французскай Liberation: “.. Карыкатуры выяўляюць вульгарызаваную думку і ня могуць пад шырмай “свабоды выказваньня” схаваць інтэлектуальную нэнзу”.
Прыкладна такую ж думку выказваў і вугорскі эсэіст Пэтэр Нівэмюлер у газэце In Elet es Irodalom: “Урок, які варта вынесьці зь гісторыі з карыкатурамі, калі ўвогуле ён мажлівы, — гэта тое, што часы простых ісцінаў скончыліся. Мысьліць клішэ… – шлях да канфрантацыі”.
Цікава, што польская Rzeczpospolitа перадрукавала карыкатуры на Мухамэда, але адразу ж была раскрытыкаваная ўрадам, і тагачасны міністар замежных спраў папрасіў прабачэньня ў мусульманаў-вернікаў.
Французкі філёзаф Рэжы Дэбрэй зьвярнуў увагу на тое, што эўропацэнтрысцкі погляд на рэчы далёка не заўсёды ёсьць адэкватны, і зазначыў: “Мы мусім клапаціцца пра тое, каб не пераносіць сістэму нашых сацыяльных паняткаў і катэгорыяў мысьленьня на іншыя культуры з адрознай гісторыяй, дзе рэлігійныя фактары адыгрываюць такую ж важную ролю, што і 300 гадоў тут” (маецца на ўвазе ў Эўропе – заўв. аўтара).
І, нарэшце, такі цікавы факт. Ніводная брытанская газэта не перадрукавала тады карыкатуры з Jyllands-Posten. Чаму? Камэнтатар газэты Daily Telegraph патлумачыў: “Мы ўстрымаліся ад публікацыі з тае прычыны, што прытрымліваемся брытанскіх каштоўнасьцяў талеранцыі і павагі да пачуцьцяў іншых людзей”.
На завяршэньне гэтай гісторыі варта сказаць, што, хоць Jyllands-Posten і не парушыла аніякіх дацкіх законаў, яна ўсё ж прынесла прабачэньне за тое, што карыкатуры спрычыніліся да абразы. Здаецца, канфлікт можна лічыць вычарпананым.
Але ўсё ж застаецца пытаньне: а навошта тры швэдзкія газэты перадрукавалі карыкатуру Вілкса? Па вэрсыі газэтаў, як падае Associated Press Writers, карыкатура мае каштоўнасьць навіны і, да таго ж, яшчэ раз падкрэсьлівае права на свабоду выказваньня.
Калі гэта так, то выглядае, што вугорскі эсэіст Пэтэр Нівэмюлер меў рацыю: урока ніякага і не было. А некаторыя журналісты проста любяць час ад часу станавіцца на адныя і тыя ж граблі.