• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Свабода слова гэта натуральна, як дыхаць», — сёння Сусветны дзень свабоды прэсы

    «У Сусветны дзень свабоды прэсы-2018 я заклікаю ўрады ўмацоўваць свабоду прэсы і абараняць журналістаў. Адстойваючы свабоду прэсы мы абараняем наша права ведаць праўду», — заявіў напярэдадні Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.

    Еўрапейская федэрацыя журналістаў выступіла з заявай салідарнасці з беларускімі калегамі

     

    Сусветны дзень свабоды прэсы абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН у 1993 годзе.

    «У гэты дзень мы маем магчымасць заявіць пра нашу прыхільнасць прынцыпам свабоды прэсы, прааналізаваць стан спраў у свеце датычна свабоды прэсы, прыняць меры па абароне СМІ ад спробаў ушчаміць свабоду, аддаць даніну памяці журналістам, якія загінулі падчас выканання свайго прафесійнага абавязку», — адзначаюць у ААН.

    wpfd2018_web_950x390_eng_0800.jpg

    “Трымаць уладу пад кантролем: СМІ, правасуддзе, вяршэнства закона” — тэма 2018 года.

    «Тэма святкавання 2018 года падкрэслівае важнасць стварэння спрыяльных прававых умоў для свабоды прэсы і надае асаблівую ўвагу ролі незалежнай судовай улады ў забеспячэнні прававых гарантый свабоды прэсы і пераследу злачынстваў супраць журналістаў.

    У той жа час у гэтай тэме разглядаецца СМІ ва ўстойлівым развіцці, асабліва ў час выбараў, у якасці вартавога сабакі, які спрыяе празрыстасці, справаздачнасці і вяршэнству закона.  Тэма накіравана і на вывучэнне заканадаўчых прабелаў у дачыненні да свабоды слова, інфармацыі ў інтэрнэце і рызыкаў рэгулявання анлайн-выказвання», — падкрэсліваецца ў заяве  ААН.

    3 траўня Прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў папрасіла сябраў праўлення арганізацыі называюць галоўныя выклікі і надзеі для свабоды слова.

     

    Зоя Хруцкая

    Галоўнымі пагрозамі для свабоды я лічу знешнія і ўнутраныя абмежаванні: самацэнзура і цэнзура, сур’ёзная залежнасць прафесійных рэдакцый ад фінансавання, адсутнасць у Беларусі традыцый дамагацца, патрабаваць і адстойваць свабоду слова.

    Галоўнай жа надзеяй я лічу ўсведамленне таго, што каштоўнасць свабоды слова з’яўляецца агульначалавечым інтарэсам, карысным большасці.

    Зоя Хруцкая

     

    Антон Сурапін

    Некаторыя пагрозы можна разглядаць і праз прызму надзей. Напрыклад, тое, што дзяржавы імкнуцца кантраляваць каналы камунікацыі (кейс Тэлеграма) — гэта пагроза. Але тое, што тэхніка развіваецца, а самі дзяржавы пакуль увогуле не разумеюць, на якім полі граюць — гэта надзея.

    Такія дзве пагрозы як спробы адміністрацыйна зарэгуляваць дзейнасць медыя і штучна стварыць няроўную канкурэнцыю, спадзяюся, хутка разаб’юцца. Хаця б таму, што тыя асобыя, хто цяпер усё закручвае, калісьці сыдуць са сваіх крэслаў. І новае пакаленне чыноўнікаў ужо, магчыма, пачне думаць у дэмакратычным кірунку.

    Антон Сурапін

     

    Алег Агееў

    Галоўнай пагрозай для свабоды слова ў Беларусі я лічу магчымасці дзяржавы блакаваць сайты ў пазасудовым парадку пры вялікай колькасці падставаў, без магчымасці абскардзіць абмежаванне доступу.

    Што тычыцца сусветных пагрозаў, то гэта — прапаганда, якую выкарыстоўваюць дзяржаўныя ўстановы ў шмат якіх краінах. Гэта робіцца праз поўны кантроль так званых дзяржаўных СМІ і праплачаных троляў. Таксама сюды варта аднесці самацэнзуру  як вынік страху быць пакараным за рэалізацыю свабоды слова.

    Мяркую, ёсць дзве галоўныя надзеі для свабоды слова. Гэта —свабодны  інтэрнэт, які дзяржавы не змогуць цалкам кантраляваць. Другое — пастаянны пошук абгрунтаваных абмежаванняў свабоды слова, каб і свабода слова не пацярпела, і каб іншыя легітымныя інтарэсы бараніліся. Гэта адбываецца ў наддяржаўных квазісудовых установах. На пляцоўках КПЧ ААН, Еўрапейскім судзе па правах чалавека і г. д.

    Мне падаецца, што павінна з’яўляцца больш людзей, для якіх свабода слова — сапраўдная каштоўнасць. Гэта тыя, хто ёй карыстаюцца, гатовыя яе бараніць і адстойваць.

     

    Уладзімір Янукевіч

    Класічная фармулёўка свабоды слова, як права чалавека свабодна выказваць свае думкі, непарыўна звязна з магчымасцю СМІ свабодна інфармаваць  людзей, ствараючы ці не адзіны з магчымых каналаў эфектыўнага камунікавання з грамадскасцю.

    Таму, калі казаць пра пагрозы для свабоды слова ў свеце, а можа і ў Беларусі, дык першае, што прыходзіць на розум, гэта пагроза тэрарызму. Менавіта яна, падштурхоўвае розныя краіны падслухоўваць і падглядаць за грамадзянамі фактычна без санкцый суда. А людзі, запалоханыя тэрарыстычнымі пагрозамі, гатовыя папускаць гэтыя наступы на свае правы, згаджаючыся на дзяржаўнае цэнзураванне інфармацыі.

    Другой пагрозай для свабоды слова, у прыватнасці ў Беларусі, ёсць апераджальнае развіццё інтэрнэту ў параўнанні з хуткасцю навучання спажываць інфармацыю. Сёння, калі ў інтэрнэт-прасторы безліч крыніц інфармацыі, недасведчанага чытача вельмі лёгка ўвесці ў зман, калі з падачы ўладаў з дапамогай фальшывых блогераў і ўдзельнікаў форумаў і абмеркаванняў каламуціцца інтэрнэт-прастора, правакуюцца ўсялякія дэбаты, каб адцянуць людзей ад абмеркавання вострых палітычных тэмаў і заблытаць сітуацыю настолькі, што ўжо цяжка зразумець, дзе праўда, а дзе хлусня.

    Трэцяя пагроза для свабоды слова зыходзіць  ад прадстаўнікоў беларускіх уладаў, якія злоўжываюць сваімі паўнамоцтвамі для рэгулявання інфармацыйнай прасторы ў сваіх інтарэсах. І гэта на фоне стагнацыі ў эканоміцы і, як больш доўгатэрміновай пагрозы, адсутнасці фінансавай самаакупальнасці  друкаваных і інтэрнэт СМІ.

    А вось галоўнай надзеяй для свабоды слова зноў жа, на мой погляд, можа быць развіццё інтэрнэту, які паступова, марудна, балюча, але напаўняецца сэнсам, які канстатуе, што ўлада ўжо не абсалютная, і вымушана лічыцца з думкамі людзей. Што тычыцца асабістага адчування, дык для мяне свабода слова — гэта натуральна, як дыхаць. Я не ведаю, як адбываецца дыханне. Таму я проста жыву, адчуваючы сябе свабодным, і лічу гэта сваім натуральным правам, якое я атрымаў пры нараджэнні.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці