«Суткі пабыў з роднымі». Сяргей Сацук сустрэўся ў калоніі з сям’ёй
Брат зняволенага журналіста распавёў «Народнай Волі» пра спатканне Сяргея з блізкімі.
— Не так даўно брат у калоніі сустрэўся са сваёй сям’ёй – прыехалі і яго жонка, і дачка, і ўнук, — кажа Аляксандр Сацук. – Гэта, безумоўна, была радасць для ўсіх, суткі Сяргей пабыў разам з роднымі. Жылі ў нейкім памяшканні кшталту інтэрнату. За суткі хоць нагаварыліся.
А ўвогуле, Сяргею цяжка даецца знаходжанне ў няволі, тым больш, што і праблемы са здароўем нікуды не зніклі.
— Лекі, якія перадаюць блізкія, зараз даходзяць нармальна?
— Дзякуй Богу, у гэтым плане ўсё нармалізавалася. З сэрцам крыху лепш стала, хаця ўсё роўна сардэчныя збоі здараюцца практычна кожны дзень. Але стан не крытычны. Раней сітуацыя была наогул трывожная…
Нагадаем: Сяргей Сацук – былы галоўны рэдактар заблакаванага інтэрнэт-партала «Ежедневник».
Яго затрымалі 8 снежня 2021 года. Сяргея абвінавацілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: «атрыманне хабару» (арт.430), «распальванне варожасці» (арт.130), «перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў» (арт.426).
У выніку Сяргей Сацук асуджаны на 8 гадоў зняволення з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама журналісту быў прызначаны штраф у памеры 500 базавых велічынь (16 тысяч беларускіх рублёў). Ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін 5 гадоў. Акрамя таго, суд вырашыў спагнаць з абвінавачанага ў даход дзяржавы грашовую суму ў памеры 12.384 беларускіх рублёў. Трэба сказаць, што ўсе штрафы ўжо аплачаны.
Адбывае пакаранне Сяргей Сацук у калоніі №15 г.Магілёва.
Чытай яшчэ:
Алесь Пушкін: хто гэты геніяльны мастак і палітвязень, што згінуў у зняволенні
«Тата ловіць беларускага дыназаўра». Хто такі гарадзенец Павал Мажэйка, які двойчы стаў палітвязьнем
Другі запар дзень нараджэння за кратамі адзначае журналістка Ірына Слаўнікава