Фрылансерства і выклікі сучаснасці: беларуска-шведскі погляд
Беларуская асацыяцыя журналістаў сумесна са шведскім саюзам журналістаў SJF і ПЭН Skane арганізавала ў лістападзе паездку беларускіх журналістаў-фрылансераў у шведскі горад Мальмё з мэтай абмену досведам.
Праблемы і выклікі супольнасці
У гэтай паездцы беларускія медыйшчыкі ставілі перад сабой шмат мэтаў. Сярод іншага яны прагнулі прыцягнуць увагу да праблемаў і выклікаў, якія паўстаюць перад беларускай фрылансерскай супольнасцю ў цяперашні складаны час.
Таксама журналісты імкнуліся заклікаць замежных партнёраў да кампаній салідарнасці ды азнаёміцца з сённяшнімі рэаліямі існавання шведскіх журналістаў-фрылансераў.
Падчас сустрэчы беларускія журналісты-фрылансеры разам з калегамі са Швецыі абмеркавалі развіццё БАЖаўскай суполкі журналістаў-фрылансераў на бліжэйшы год. Шмат гаварылася пра шляхі супрацы і агульных дзеянняў з суполкай па інтарэсах Шведскага саюзу журналістаў па супрацы з БАЖ, з Frilansriks i асобнымі шведскімі медыяактывістамі, зацікаўленымі ў падтрымцы беларускай медыяфрылансерскай супольнасці.
«Забароненыя тэксты» беларускіх журналістаў і журналістак прагучалі ў Швецыі
Падпрацоўваюць настаўнікамі, кіроўцамі і служыцелямі царквы
Пра працу, жыццё і набалелыя пытанні шведскіх журналістаў-фрылансераў падрабязна распавёў старшыня арганізацыі Frilansriks Хенрык Сімансан.
У Frilansriks уваходзіць 1400 сябраў журналістаў-фрылансераў, і яна з’яўляецца структурным падраздзяленнем Шведскага саюзу журналістаў, у якім налічваецца каля 10 000 сябраў.
Паводле Хенрыка Сімансана, агульная доля журналістаў-фрылансераў ва ўсім шведскім саюзе ўзрастае.
Калі раней гэта было 10% ад усёй колькасці журналістаў, то сёння гэта ўжо каля 15%. Але пры гэтым агульная колькасць журналістаў змяншаецца.
Як аказалася, ёсць шмат агульнага не толькі ў працы журналістаў абедзвюх краінаў, але і ў выкліках, якія паўстаюць перад журналістамі.
Хенрык Сімансан паведаміў, што прафесія журналіста ў Еўропе губляе тую статуснасць, якая была раней. У журналістаў Швецыі зараз не вельмі высокія заробкі па мерках краіны: недзе ў межах 2500 еўра, максімум — крыху больш за 5000 еўра ў месяц. У журналістаў-фрылансераў заробкі невялікія і таму, каб добра жыць, яны вымушаныя дзесьці яшчэ падпрацоўваць.
Асноўныя прафесіі, якія яны абіраюць для гэтага, — настаўнікі, кіроўцы і нават служыцелі царквы. Там, дзе патрэбна добрая камунікацыя з людзьмі. І ў Швецыі па гэтай прычыне журналістаў-фрылансераў па-добраму называюць камбінатарамі.
То-бок з эканамічнымі праблемамі сутыкаюцца не толькі беларускія журналісты, але і іх калегі са Швецыі. Ім таксама трэба думаць пра тое, як існаваць на медыйным рынку, які звужаецца. Але, у адрозненне ад беларускіх калегаў у замежжы, ім не трэба думаць пра тое, як выжыць, галоўная іх мэта — забяспечыць сабе дабрабыт.
Дзеля чаго заставацца ў прафесіі?
Для шведскіх журналістаў вельмі важнае паняцце свабоды. Дзеля гэтага яны і застаюцца ў прафесіі. Менавіта таму, падкрэслівае Хенрык Сімансан, шведскія журналісты заўсёды зацікаўленыя ў кампаніях салідарнасці з беларускімі калегамі — для іх гэта вельмі істотна. Медыйшыкі дзвюх краін могуць павучыцца адно ў другога гэтай салідарнасці.
Таму недзіўна, што прымаючы бок паўдзельнічаў у чарговай акцыі Марафона салідарнасці з беларускімі журналістамі пад назвай «Адкрытае слова ў часы цішыні». Яе арганізавала сетка па абмену паміж БАЖ, Frilans Syd і SJF (Шведскі саюз журналістаў) і ПЭН Skane.
Шведскія калегі напісалі паштоўкі ў беларускую амбасаду ў Швецыі з мэсэнджам пра тое, што беларускія журналісты не «экстрэмісты», а тым больш не «тэрарысты», і заклікам вызваліць з турмаў усіх незаконна асуджаных палітвязняў-журналістаў, сярод якіх ёсць і журналісты-фрылансеры.
З беларускімі журналістамі падчас паездкі ў Мальмё сустрэлася і вядомая шведская журналістка-фрылансер Оса Олсан, якая добра валодае сітуацыяй з медыямі ў Беларусі і арганізуе акцыі падтрымкі беларускіх журналістаў.
А таксама журналісты і сябры шведскага ПЭНу Маргарэта Флігт, Торб’ёрн Халлгрэн, сябра праўлення Шведскага саюза журналістаў Гуніла Крахт , Каміла Сыліван ды іншыя.
Шляхі да чытача, далёкага ад Беларусі
Журналісты наведалі рэдакцыю і самага буйнога выдання ў Мальмё SydSvenskan. А таксама паўдзельнічалі ў мерапрыемстве ПЭН Skane, падчас якога распавялі свае асабістыя гісторыі журналісцкай дзейнасці і паслухалі гісторыі і вершы пісьменнікаў, якія цяпер знаходзяцца ў няволі ў розных краінах свету.
Сваімі ўражаннямі ад сустрэчаў са шведскімі калегамі падзялілася беларуская журналістка-фрылансерка Мілана Харытонава.
— Мы размаўлялі з калегамі на розныя тэмы. Больш цікава і карысна было б абменьвацца практычнымі парадамі, у каго што ўдаецца і якія хто бачыць шляхі, каб знайсці нейкую працу, але пры гэтым не кідаць журналістыку.
Можна, канешне, пайсці ў іншую сферу, ўладкавацца на поўную стаўку, але ў нас усё ж такі важная місія — працягваць гэтую справу. І хацелася б гэта захаваць, таму цікавы досвед еўрапейскіх журналістаў у гэтым кірунку.
Як сказала Мілана Харытонава, вельмі важнае і пытанне выгарання, бо гэтая праблема ёсць у журналістаў розных краін. Таму было цікава паслухаць, што робіцца калегамі са Швецыі ў гэтым кірунку.
Беларуская журналістка зазначыла, што ў гэтым дапамагаюць і рэтрыты, і наведванне іншых рэдакцый, і вось такія паездкі ў замежжа па абмену вопытам.
— Яшчэ адна нашая мэта ці пажаданне, каб у Еўропе як мага больш ведалі пра нашую сітуацыю, каб гучала беларускае пытанне і не сціхала тэма палітвязняў і тых рэпрэсіяў, якія чыніць рэжым. Важна размаўляць пра гэта з замежнымі журналістамі ў тым ліку, — падкрэслівае суразмоўца. — Мяне моцна ўразіла, наколькі моцна шведскія журналісты, з якімі мы сустракаліся, ужо абазнаныя ў гэтай тэме. Іх неабыякавасць моцна кранае! Калегі шукаюць шляхі, як прыцягнуць увагу чытача, далёкага ад Беларусі, — гэта сапраўды ўражвае.
Чым карысныя міжнародныя сустрэчы?
— Гэта свежы заўсёды погляд, натхняльныя прыклады, якія можна згадаць у цяжкія часы, напрыклад, як рэалізоўваць творчыя праекты і падыходы, — ўпэўнена Мілана Харытонава.
Беларусы з’ехалі са Швецыі са спадзевам на тое, што ўвага да праблемаў айчыннай незалежнай медыясупольнасці ў цэлым і журналістаў-фрылансераў у прыватнасці павялічыцца ў шведскіх СМІ.
У Швецыі ў межах «Рэха жаночых галасоў» прагучалі словы Ірыны Леўшынай
Яны спадзяюцца на ўзмацненне кампаніяў салідарнасці ў Швецыі з беларускай незалежнай медыясупольнасцю, а таксама на далейшае ўзмацненне міжарганізацыйнай супрацы, скіраванай на ўмацаванне БАЖаўскай медыяфрылансерскай супольнасці.