“Суседскія былі” Віктара Сазонава: кніга пра людзей і для людзей
Беластоцкая газета “Ніва” выпусціла ў свет кнігу гродзенскага сябра ГА "БАЖ" і пісьменніка Віктара Сазонава пад назвай “Суседскія былі”. У зборнік увайшлі больш за 50 апавяданняў, што друкаваліся на старонках “Нівы” і гучалі ў эфіры "Беларускага Радыё Рацыя".
Кніга “Суседскія былі” выйшла ў свет 20 студзеня 2016 года, і аўтар яшчэ нават не трымаў у руках ніводнага яе асобніка. Але пагадзіўся адказаць на пытанні службы маніторынгу ГА «БАЖ».
— Для каго і пра што гэтая кніга?
— У мяне здаўна гатовы адказ на такое пытанне — кнігі пішуцца для тых, хто іх чытае. Кніга гэта задумвалася вельмі даўно, бо я сам прыехаў з вёскі ў горад. І там у мяне былі суседзі, і тут у мяне ёсць суседзі. Я прыгадваю гісторыі і са свайго войска, і яшчэ аднекуль. Гісторыі не толькі пра тое, як беларусы сутыкаюцца з беларусамі, але і пра тое, як яны перасякаюцца з іншымі людзьмі. Гэта такія «гісторыі беларускага гумару». Не трэба прыдумваць ніякай палітыкі і навукі, каб даказаць, што мы — гэта мы. Мы ёсць асобны народ — дастаткова глянуць на тое, як мы жывем, дастаткова глянуць на наш гумар, паглядзець, як мы сябе паводзім у розных сітуацыях, і зразумець, што ніхто больш так не робіць, акрамя нас. Людзі перасяляюцца ў гарады, пераязджаюць у іншыя краіны, ідзе вялікая міграцыя народаў… І вельмі хацелася б пакінуць у літаратуры, а гэта значыць, і ў памяці праявы «беларускіх паводзін», «беларускага гумару», «беларускага погляду на свет». Хай сабе жартаўлівыя.
— Ці падзяляецца кніга на нейкія часткі, раздзелы?
— Ніякага падзелу ў кніжцы няма. Апавяданні наўмысна раскіданыя, каб кніжку можна было адкрыць і чытаць з любога месца.
Кніга выйшла з арыгінальнымі малюнкамі, якімі ілюстраваліся апавяданні ў беластоцкай “Ніве”. На думку Віктара Сазонава, яны дадаюць яго творам шарм, “бо даўно ўжо не выходзяць кніжкі для дарослых з малюнкамі”.
Прэзентацыі кнігі найперш адбудуцца ў Гродна і ў Беластоку. “Я жыву ў Гродне, тут жывуць мае першыя чытачы, якія знаёміліся з некаторымі апавяданнямі яшчэ з чарнавіка, давалі мне пэўныя парады. А ў Беластоку прэзентацыя — бо ў газеце “Ніва” шмат людзей, што спрычыніліся да выдання гэтай кнігі”.