Супрацоўнікі міліцыі пагражаюць забраць у журналісткі Ларысы Шчыраковай 10-гадовага сына Сьвятаслава
Падрабязнасьці здарэньня яна паведаміла ў інтэрвію Свабодзе: «Я жыву з сынам на ўскрайку Гомеля, а мае бацькі бліжэй да цэнтру – у Навабеліцкім раёне горада. На выходныя яны забіраюць Сьвятаслава да сябе. Учора ўвечары да мяне прыйшоў тата і паведаміў, што да іх на кватэру прыходзілі супрацоўнікі міліцыі – ня ведаю зь якога аддзелу міліцыі менавіта, але мяркую, што Новабеліцкага – і размаўлялі з бацькамі пра лёс майго сына.
Яны пагражалі, што калі я не перапыню сваю журналісцкую дзейнасьць, то сына могуць забраць у інтэрнат супрацоўнікі Інспэкцыі па справах непаўнагадовых з тае прычыны, што я маю шэраг адміністрацыйных спагнаньняў.
Сытуацыя ўскладняецца тым, што мая мама мае „пралукашысцкія“ перакананьні. Яна перакананая, што я ня маю рацыі, што з уладамі нельга спрачацца, а тым больш супрацьстаяць. Яна заўсёды заклікае мяне „адумацца“ і „не высоўвацца“. Магчыма, што такая рабская псыхалёгія абумоўленая тым, што ў яе сямʼі былі палітрэпрэсаваныя і гэты страх перад рэпрэсіўнай уладай яна засвоіла на генэтычным узроўні. Таму яна разам зь міліцыянтамі абмяркоўвалі як на мяне паўплываць і „абразуміць“. Але, на шчасьце, мой тата вельмі разумны і адэкватны чалавек, таму ён мяне падтрымлівае і мяне разумее мой сын».
Маці Ларысы Шчыраковай Тамара Антонаўна пацьвердзіла Свабодзе, што сапраўды да іх прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, але з «добрым, харошым візытам».
Паводле яе словаў, «міліцыянты размаўлялі і ўсё растлумачылі». На пытаньне, ці сапраўды пагражалі забраць 10-гадовага Сьвятаслава, жанчына адказала:
«Ня трэба маме хадзіць па плошчах. І калі яна будзе паводзіцца добра, то ніхто нікога не забярэ».
На пытаньне, ці аддасьць бабуля свайго ўнука ў інтэрнат у іншым выпадку, Тамара Антонаўна не адказала.
Ларыса Шчыракова кажа, што за апошнія два гады яна мела два адміністрацыйныя спагнаньні паводле артыкулу ад парушэньні парадку правядзеньня масавых мерапрыемтстваў, а таксама каля дзесятка спагнаньняў паводле артыкулу аб незаконным вырабе інфармацыйнай прадукцыі. Шчыракова перканананая, што пагрозы адняць у яе сына маюць мэтай перашкодзіць яе прафэсійнай дзейнасьці, а таксама жаданьнем прадухіліць яе ўдзел у акцыі пратэсту 25 сакавіка:
«Няхай ня думаюць, што мяне можна шантажаваць і запалохваць сынам. Гэта будзе трансьляцыя на ўсю краіну. Я не дазволю зьдзекавацца са сваёй сямʼі».