Супрацоўнікі дзяржаўнага тэлебачання “Віцебск” звольніліся пасля абвяшчэння страйка
Рэдактарка і вядучая праграмы "Время АРТ" Таццяна Іваноўская і галоўны інжынер Уладзімір Зайцаў тры дні таму абвясцілі пра далучэнне да агульнанацыянальнай забастоўкі. З 24 жніўня яны прыходзілі на працу, але не прыступалі да выканання працоўных абавязкаў. Кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі прапанавала ім альбо спыніць страйк, альбо звольніцца па ўзгадненні бакоў. Абодва супрацоўнікі выбралі апошні варыянт.
Пратэстоўцы — яны муж і жонка — кажуць, што прадугледжвалі такі ход падзей.
“У цяперашніх умовах я ў любым выпадку не засталася б працаваць на дзяржаўным тэлебачанні”, — зазначае Таццяна Іваноўская.
І яна, і яе муж лічаць недапушчальным міліцэйскі гвалт, які стаў прыкметай цяперашняга часу, а перадусім — фальсіфікацыі вынікаў на выбарчых участках, з якіх пачалося грамадскае супрацьстаянне ў Беларусі. У паведамленні пра страйк Таццяна Іваноўская і Уладзімір Зайцаў патрабавалі правядзення новых выбараў, вызвалення палітвязняў і пакарання супрацоўнікаў МУС, якія нявечылі ўдзельнікаў мірных пратэстаў.
Свае патрабаванні пратэстоўцы даслалі дырэктару тэлерадыёкампаніі «Віцебск» Алене Панцюховай, якую ўпаўнаважылі перадаць іх старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івану Эйсманту і старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарснёву. Гэтае патрабаванне было задаволена.
Што да астатняга, то юрыдычная служба ТРК “Віцебск” патлумачыла, што дзеянні абодвух супрацоўнікаў не могуць кваліфікавацца як працоўны страйк, бо ўдзельнікі высоўваюць не працоўныя, а палітычныя патрабаванні. Таму Таццяне Іваноўскай і Уладзіміру Зайцаву прапанавалі ці застацца на працы на ранейшых умовах, ці звольніцца. Пратэстоўцы вырашылі, што заставацца няма сэнсу, і 26 жніўня ў іх быў апошні працоўны дзень.