Супрацоўнік БТ падзяліўся ўспамінамі пра сваю працу на пратэстах 2020 года
Аляксандр Харавец у 2020-м быў звычайным карэспандэнтам БТ. Цяпер ён кіраўнік Галоўнай дырэкцыі інтэрнэт-вяшчання Белтэлерадыёкампаніі. Ён падзяліўся ўспамінамі пра сваю працу на пратэстах 2020 года.
У кастрычніку 2020-га ў часе запісу сюжэту адзін з удзельнікаў маршу плюнуў Хараўцу ў твар. Пазней гэтага чалавека затрымалі і склалі на яго тры пратаколы. На відэа, запісаным сілавікамі, мужчына папрасіў прабачэння ў карэспандэнта.
У праграме «Скажинемолчи» Харавец сказаў, што адразу прабачыў яму. Супрацоўнік БТ кажа, што ў момант, калі ўсё гэта адбылося, хацеў адказаць па-мужчынску, але не стаў паддавацца на правакацыю.
«Як толькі ў той дзень мы ўвайшлі ў натоўп, то адразу зразумелі, што нешта будзе. Таму што (гэтага няма ні на адным кадры, і ў нас гэта не зафіксавана) нас з аператарам адразу пачалі біць у натоўпе па нагах. Мы літаральна прайшлі яшчэ сто метраў, як адбыўся вось гэты плявок.
Я разумеў, што не маю права адрэагаваць так, як хочуць «неверагодныя». Таму што ў першую чаргу я падстаўлю сябе (чаго яны толькі і чакаюць). І адрэагаваў па-іншаму, так, як яны не чакалі. Потым яшчэ быў удар аператару ў твар. Затым праз нейкіх паўгадзіны нас аблілі фарбаю. А да гэтага нас заціснулі ў кола і пачалі, што называецца, збіваць. Пры гэтым аператару не давалі магчымасці падняць камеру, каб ён некага зафіксаваў», — сцвярджае Харавец.
Ён падзяліўся таксама, што на пратэсты яго ніхто не пасылаў. Гэта не было заданне ад рэдакцыі — ён праявіў уласную ініцыятыву. Прычыну патлумачыў наступным чынам:
«Магчыма, гэта будзе пафасна гучаць, але я тады адчуваў, што павінен быць там, на месцы падзей, і па-рэпарцёрску распавядаць усю праўду, што насамрэч робіцца ў цэнтры натоўпу.
Што там ёсць правакатары, і чаго хочуць на самой справе ўсе тыя беглыя, якія сёння хаваюцца за мяжою. Палітыка таго боку была мне вельмі не блізкай».
Чытайце яшчэ:
Хто тыя прапагандысты з тэлебачання, каму ўлады дзякуюць за інфармпалітыку?
Прапагандыст з «Мінскай праўды» сцвярджае, што зноў збіраецца наведаць Еўрасаюз
«Если люди не орут, что здесь ужас, значит у вас не ужас». Белорусские медийщики — о работе в стране и в эмиграции