Беларускае выданне «Віцьбічы» заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з РІА «Воронеж»
Варонежскае і віцебскае выданні маюць намер абменьвацца навінамі, рэпартажамі, інтэрв’ю, каментарамі, фота- і відэаматэрыяламі, прысвечанымі грамадска-палітычнаму, эканамічнаму і культурнаму жыццю краін. Пра будучае супрацоўніцтва паведамляе РІА «Воронеж».
Пагадненне паміж выданнямі падпісалі галоўная рэдактарка «Віцьбічаў» Дзіяна Курыла і генеральная дырэктарка РІА «Воронеж» Наталля Філь. Сустрэча медыяменеджэрак адбылася падчас фестывалю «Славянскі базар у Віцебску».
На думку галоўнай рэдактаркі «Віцьбічаў» Дзіяны Курылы, супрацоўніцтва з расійскімі СМІ будзе садзейнічаць развіццю народнай дыпламатыі.
— Гісторыя нашых дзяржаў цесна пераплецена, расіяне ніколі не былі чужымі для беларусаў. Упэўнена, што і жыхарам расійскіх рэгіёнаў цікавыя гісторыя і культура Беларусі, людзі, якія праславілі не толькі нашу краіну, але і ўнеслі ўклад у развіццё Расіі, — адзначыла Дзіяна Курыла.
Паводле яе слоў, прадметам пагаднення з’яўляецца інтэграцыя інфармацыйных прастор, развіццё праектаў, якія прасоўваюць агульныя культурныя каштоўнасці, правядзенне сумесных адукацыйных праграм у галіне мультымедыйнага кантэнту, папулярызацыя культуры Беларусі ў Расійскай Федэрацыі і культуры народаў Расіі ў беларускай інфармацыйнай прасторы.
Генеральная дырэктарка РІА «Воронеж» Наталля Філь заявіла, што яна зацікаўленая ў кантактах з беларускімі рэдакцыямі, бо «задача рэгіянальных СМІ — поўна і своечасова расказваць сваім чытачам і гледачам не толькі аб працэсах, якія адбываюцца, але і даваць інфармацыю дзелавым колам аб магчымасцях патэнцыйных партнёраў».
Холдынг РІА «Воронеж» — найбуйнейшае інфармацыйнае агенцтва Чарназем’я. Ён быў створаны ў 2012 годзе. У яго ўваходзяць 69 СМІ. Сярод іх: сайты РІА «Воронеж» і «Воронеж многонациональный», газеты «Воронежский курьер», «Семерочка», 32 раёнкі, а таксама газета «Твоя Zемля» для вайскоўцаў з Варонежскай вобласці, якія ўдзельнічаюць у СВА.