Супраць Ларысы Шчыраковай распачалі крымінальную справу. Яе сына возяць пад наглядам з прытулка ў школу
У дачыненні да былой гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай распачалі крымінальную справу паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса (“Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”), пра гэта 12 снежня стала вядома “Радыё Свабода”. Санкцыі артыкула — да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Акалічнасці крымінальнай справы пакуль невядомыя.
Першыя два дні пасля затрымання былой журналісткі Ларысы Шчыраковай яе 16-гадовы сын Святаслаў не наведваў сваю школу. Ператрусу ў доме ён не бачыў — 6 снежня пасля заняткаў яго адразу забралі ў сацыяльна-педагагічны прытулак Гомельскага раёна, што за паўтара кіламетра ад дома.
Паводле сваякоў, Святаслаў вестку пра затрыманне маці ўспрыняў з вялікім узрушэннем. Перанёс стрэс, нават плакаў. І толькі 9 снежня ў суправаджэнні выхавацеля яго адвезлі ў дзясяты клас той школы, дзе вучыўся. Працягвае вучыцца Святаслаў і на бягучым тыдні. Імкнецца трымацца па-даросламу. Праз мабільную сувязь стасаваўся са сваім бацькам у Навасібірску, які мае прыехаць у бліжэйшыя дзень-два ў Гомель і выступіць апекуном падлетка. Сваякі перажываюць толькі, што Свят (так называе яго маці) адвык ад бацькі — яму найлепей застацца ў горадзе ў звыклым асяродку да заканчэння школы.
Саму Ларысу Шчыракову перавялі з ізалятара часовага ўтрымання ў СІЗА №3. Сваякі ўжо ў мінулую пятніцу не змаглі аддаць ёй перадачу ў ІЧУ, дзе было сказана, што яе пераводзяць у следчы ізалятар на вуліцу Кніжную. У чым канкрэтна вінавацяць Ларысу, родным пакуль не вядома.
Сваякі заключылі таксама дамову з адвакатам на абарону Шчыраковай. Але трэба яшчэ атрымаць дазвол у следчага на сустрэчу з падабароннай.
Раней Ларыса Шчыракова супрацоўнічала з незалежнымі выданнямі. Але яшчэ ў 2021 годзе публічна заявіла, што сыходзіць з журналістыкі. Свой сыход яна патлумачыла тым, што ёй і без таго хапіла пераследу за працу без акрэдытацыі. Паводле пратаколаў міліцыі суды штрафавалі журналістку больш як сорак разоў, у тым ліку і за асвятленне паслявыбарчых акцый пратэсту. Адно толькі сутак не прызначалі, паколькі Шчыракова адна гадавала малалетняга сына.
Развітаўшыся з журналістыкай, Ларыса зарэгістравалася ў выканкаме як індывідуальная прадпрымальніца, каб займацца этнафотасесіямі. Здымала за аплату ахвочых людзей у народных беларускіх строях.
Нацыянальныя строі і даўнейшыя прадметы побыту – з багатай асабістай калекцыі ініцыятыўнай жанчыны.
У Шчыраковай быў таксама свой праект па ўшанаванні памяці рэпрэсаваных землякоў, які называўся «Забітыя і забытыя». Яна запісвала на відэа сведчанні сваякоў рэпрэсаваных, рабіла на іх падставе дакументальныя фільмы, размяшчала іх на YouTube. Ларыса і сама здымалася ў фільмах, у прыватнасці, выканала ролю знакамітай зямлячкі, дзеячкі беларускага Адраджэння Палуты Бадуновай ў аднайменнай дакументальнай стужцы з элементамі інсцэніроўкі.
Тры гады таму Шчыракова зладзіла адукацыйны праект на ток-пляцоўцы “Медыяпрастора”, дзе асновам журналістыкі навучаліся гарадскія аматары відэакамер і фотааб’ектываў. Досведам тут дзяліліся вядомыя журналісты, у тым ліку і са Швецыі.
Сёлета ў верасні пасля арышту былога калегі па журналісцкаму цэху Яўгена Меркіса Шчыракова ў сваіх допісах у сацыяльных сетках узнімала пытанні ўтрымання журналіста ў следчым ізалятары, посціла на сваіх старонках паведамленні пра акцыі салідарнасці з Яўгенам, які ладзіліся ў замежжы.
Ларыса Шчыракова скончыла ў свой час гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны. Працяглы час выкладала ў школе гісторыю і англійскую мову. Яна была ў ліку заснавальнікаў моладзевай краязнаўчай суполкі «Талака», закрытай цяпер уладамі. У журналістыку Ларыса прыйшла ў 2008 годзе, калі скончыўся дэкрэтны адпачынак. Гэта было, бадай, пакліканне творчай і дзейнай асобы, якая дбае пра родны край і яго росквіт.