Кіраўніка прыватнай гомельскай тэлекампаніі асудзілі ўжо другі раз, а ягоны намеснік прапаў без вестак
Вядомага гомельскага бізнэсмена, заснавальніка і дырэктара прыватнай рэкламнай тэлекампаніі «ФілТВ» Віталя Філінскага ўжо двойчы асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Паводле інфармацыі выдання «Флагшток», першы суд, які адбыўся ў канцы сакавіка, скончыўся для бізнэсмена 15 суткамі арышту, а пасля яго асудзілі паўторна, прызначыўшы чарговыя 15 сутак.
Такім чынам, Філінскі працягвае заставацца за кратамі ў ізалятары часовага ўтрымання. Верагодна, падставай для пераследу маглі паслужыць нейкія публікацыі або рэпосты ў сацсетках — пасля арышту старонкі Філінскага ў фэйсбуку і «Вконтакте» былі выдаленыя.
Па тым жа абвінавачванні нядаўна судзілі іншага буйнога гомельскага бізнэсмена — Навума Каца. Абодва прадпрымальнікі з’яўляюцца членамі грамадскага аб’яднання садзейнічання развіццю прыватнага прадпрымальніцтва «Адзінства».
Што тычыцца «ФілТВ», то гэта адзінае ў Гомельскай вобласці рэкламнае агенцтва поўнага цыклу, якое займаецца распрацоўкай рэкламнай ідэі, яе ўвасабленнем і размяшчэннем атрыманага рэкламнага прадукту на ТБ-каналах.
Кампанія паспяхова працавала з 1996 года, выконвала, у тым ліку, дзяржзамовы. Напрыклад, здымала фільм для Савета Рэспублікіу. Аднак у апошнія гады ў прадпрыемства пачаліся праблемы — нягледзячы на гэта, яно працягвала працу, хоць і ва ўрэзаным выглядзе.
Цяпер кампанія засталася ўвогуле без кіраўніцтва, бо неўзабаве пасля арышту Філінскага знік без вестак ягоны намеснік Андрэй Віннікаў. Уначы 1 красавіка мужчына выйшаў з дому ў невядомым кірунку і не вярнуўся. Ужо два тыдні яго шукаюць міліцыя і валанцёры.