Суд у Менску пакараў фатографа Уладзя Грыдзіна арыштам на 13 сутак
У судзе Фрунзэнскага раёну Менску разгледзелі справу Уладзя Грыдзіна паводле артыкулу 24.3 «Непадпарадкаваньне законнаму распараджэньню або патрабаваньню службовай асобы пры выкананьні ёй службовых паўнамоцтваў».
Судзьдзя Тацяна Палулех вынесла вырак — 13 дзён арышту.
Фатографа абвінавацілі ў тым, што 4 лютага 2022 падчас правядзеньня ператрусу па вуліцы Ігнатоўскага ён нібыта «не падпарадкаваўся законным распараджэньням супрацоўніка ГАУС Менгарвыканкаму Сазонава, не пускаў у кватэру».
У міліцыянтаў была пастанова на правядзеньне ператрусу, выпісаная 24 студзеня. У матэрыялах справы таксама ляжыць пастанова на правядзеньне ператрусу ў крымінальнай справе нумар 201 21 11 02 02. Гэтая вялікая справа, якая знаходзіцца ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Менску (сьледчы Дзягцевіч).
Згаданая справа тычыцца «масавых беспарадкаў», у ёй каля тысячы падазраваных.
Як паведамілі сваякі, Уладзь перастаў выходзіць на сувязь з абеду пятніцы 4 лютага. Толькі 6 лютага яны даведаліся, што Грыдзіна схапілі і ўтрымліваюць у ІЧУ на Акрэсьціна. Сваякі паехалі да яго дадому і пабачылі сьляды ператрусу — рэчы раскіданыя, на падлозе сьмецьце, няма ноўтбука і фотаапарата. На дзьвярах — у пакоі і на ўваходных — вісеў сьвежа прыклеены стыкер з напісаным нумарам тэлефона адваката.
Уладзь Грыдзін працаваў фотакарэспандэнтам Радыё Свабода, пакуль 29 жніўня 2020 году ўлады не пазбавілі акрэдытацыі яго і яшчэ траіх нашых журналістаў.
У верасьні 2020 году Грыдзіна затрымалі падчас выкананьня журналісцкіх абавязкаў і адседзеў 11 дзён у турме на Акрэсьціна.
Уладзь быў пераможцам і прызэрам конкурсу Belarus Press Photo, яго здымкі публікавалі сусьветныя агенцтвы і СМІ.