• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд у Магілёве стаў на бок журналіста

    Магілёўскі карэспандэнт БелаПАН Уладзімір Лапцэвіч дамогся, каб суд абавязаў міліцыю правесці новую праверку па скарзе журналіста на чыноўніка.

    Суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў няпоўнай праверку па скарзе Уладзіміра Лапцэвіча, якога чыноўнік Кісцянёў не пусціў на сход сябраў гаражнага кааператыва «Спадарожнік-2008», а потым адмовіўся выдаць кнігу заўваг і прапаноў.

    19 траўня ў судзе Ленінскага раёна суддзя Ірына Ланчава разгледзела скаргу журналіста Уладзіміра Лапцэвіча на спыненне працэсу аб адміністрацыйным правапарушэнні.

    Нагадаем, чыноўнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання адміністрацыі Ленінскага раёна Канстанцін Кісцянёў 29 красавіка адмовіўся пусціць журналіста ў залу на ініцыяваны адміністрацыяй сход чальцоў гаражнага кааператыва “Спадарожнік-2008”. Журналіста на сход запрасілі чальцы кааператыва. Калі Лапцэвіч у адказ запатрабаваў кнігу заўваг і прапаноў, чыноўнік адмовіўся яе прадставіць.

    Лапцэвіч выклікаў нарад міліцыі. Участковы Ганчаронак, які прыйшоў па выкліку, склаў пратакол, апытаў журналіста і сыйшоў, не паразмаўляўшы са сведкамі канфлікта.

    13 мая журналіст атрымаў пастанову Ленінскага РАУС аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні — нявыдачы кнігі заўваг і прапаноў па першым патрабаванні. Сутнасць пастановы зводзілася да таго, што адміністрацыя ўжо не працавала ў час правядзення сходу, і Лапцэвіч, як яму раіў Кісцянёў, мусіў прыходзіць у наступны працоўны дзень, а гэта 2 мая, каб мець магчымасць атрымаць кнігу. Журналіст не пагадзіўся з гэтым і падаў скаргу ў суд.

    У судзе Лапцэвіч здолеў давесці, што ўчастковы інспектар міліцыі Ганчаронак правёў праверку па яго заяве няпоўна, у сувязі з чым склаў неправамерную пастанову аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні. У сваім выступе ў судзе Уладзімір Лапцэвіч таксама казаў пра тое, што рапарт Ганчаронка ўтрымлівае ілжывыя сцверджанні, і нават супярэчыць пратаколу апытання Кісцянёва.

    Суддзя Ірына Ланчава па выніках разгляду скаргі прызнала правату журналіста і пастанавіла аднавіць адміністрацыйны працэс, паколькі ўчастковы Ганчаронак не апытаў належным чынам Канстанціна Кісцянёва, не апытаў сведак і не даў ацэнку паказанням журналіста і чыноўніка. Матэрыялы адміністрацыйнай справы у адносінах Кісцянёва накіраваныя ў Ленінскі РАУС г. Магілёва на новую праверку.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці