Суд у Лоеве спыніў адміністрацыйную справу супраць журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага
23 жніўня суддзя Лоеўскага раённага суда Іван Цалкоў спыніў адміністрацыйную справу ў дачыненні да гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага.
“Скончыўся двухмесячны тэрмін, калі можна прыцягваць да адказнасці за адміністрацыйныя ўчынкі. Суд разглядаў справу без майго ўдзелу, бо цяпер я ў адпачынку. Гэта рэдкі выпадак, калі заведзеная міліцыяй адміністрацыйная справа пра нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ была спыненая, — паведаміў службе маніторынгу ГА «БАЖ» фрылансер Жукоўскі.
Мясцовая міліцыя вінаваціла Жукоўскага ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” — паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП.
Падставай стаў відэасюжэт з вёскі Страдубка Лоеўскага раёна “Улады знішчылі гаспадарку вяскоўца. Паабяцалі заплаціць і падманулі”. Сюжэт быў змешчаны на YouTube і паказаны 14 чэрвеня на тэлеканале “Белсат”.
Жукоўскі кажа, што лоеўская міліцыя даўно за ім палюе. Сам начальнік міліцыі Уладзімір Бухаўцоў нават падаваў у суд на Жукоўскага за нібыта абразу гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, але судовы працэс прайграў.
Жукоўскага сёлета ўжо чатыры разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці на падставе артыкула 22.9 КаАП. Яшчэ адзін штраф Жукоўскі атрымаў за незаконнае фатаграфаванне на тэрыторыі памежнага пераходу «Новая Гута». Агульная сума штрафаў фрылансеру Жукоўскаму склала за бягучы год 5 060 рублёў.