Суд у Гомелі спыніў “экстрэмісцкую” справу за парады, як супрацьстаяць загону ў БРСМ
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 20 траўня спыніў адміністрацыйную справу, распачатую міліцыяй паводле часткі 2 артыкула 17.11 КаАП у дачыненні да жыхара абласнога цэнтра Пятра Маркоўскага — за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць.
У пастанове суддзя Сяргей Кармановіч адзначыў, што сышоў тэрмін для вынясення адміністрацыйнага спагнання.
Як вынікала з міліцэйскага пратакола, Пётр Маркоўскі 5 лістапада 2018 года на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Facebook падзяліўся публікацыяй “Што рабіць, калі вас заганяюць у БРСМ. Парады ад анархістаў”. Гэта і сталася падставай для залічэння 52-гадовага гамельчука ў “распаўсюднікі экстрэмізму”.
Суддзя Кармановіч двойчы накіроўваў пратакол у міліцыю на дапрацоўку, выяўляючы ў ім шэраг неадпаведнасцяў заканадаўству. У судзе адвакат Пётр Барысаў на папярэднім пасяджэннні ўказаў таксама, што міліцыя не вызначыла тэрмін, месца і абставіны здзяйснення правапарушэння. Па сутнасці, Маркоўскага збіраліся прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці не за распаўсюд публікацыі, а за рэпост паста.
Адказчык віну не прызнаў і патлумачыў суду, што з канца кастрычніка па 12 лістапада 2018 года знаходзіўся ў Германіі, а ягоны мабільны тэлефон заставаўся ў Гомелі, карыстацца ім фізічна не мог.
Маркоўскі перадаў суду ксеракопію старонкі пашпарта, дзе маюцца штампы памежных службаў наконт яго выезду і вяртання ў Беларусь. Ніякіх экстрэмісцкіх сайтаў гамяльчук у вочы не бачыў, матэрыялаў іх не чытаў. Якім чынам спасылка на парады ад анархістаў супраць загону ў БРСМ патрапіла на старонку Facebook, мужчына патлумачыць не мог.
У гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Пётр Маркоўскі зазначыў, што ў яго склалася ўражанне, што міліцыя не столькі раскрывае злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій, колькі расстаўляе пасткі, каб у іх траплялі незадачлівыя наведнікі сацыяльных сетак, якія цікавяцца актуальнай інфармацыяй. Паводле суразмоўцы, калі сайт забараняецца, то мусіць быць у інтэрнэце і адпаведная пазнака для беларускіх карыстальнікаў, што ён забаронены. Урэшце міліцыя магла б вызначыць IP-адрас мабільніка, з якога зроблены перапост на старонцы ў Facebook.