• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд у Гомелі: «Калі закрываюць каналы, незалежныя рэсурсы, то дзе нам браць праўдзівую інфармацыю?»

    Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Сяргей Кармановіч 24 траўня пакараў журналістаў-фрылансераў, сябраў ГА "БАЖ" Яўгена Меркіса і Ларысу Шчыракову буйнымі штрафамі — кожнага на 725 рублёў. Суд над журналістамі праходзіў адзін за адным.

    За працу без акрэдытацыі Яўген Меркіс і Ларыса Шчыракова прызнаныя вінаватымі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ, якая была распаўсюджаная беларускамоўным спадарожнікавым тэлеканалам «Белсат».

    Адміністрацыйныя пратаколы паводле ч. 3 арт. 23.5 КаАП на журналістаў склаў участковы міліцыянт Цэнтральнага РАУС Арцём Жаўняк. Дакументы па змесце ідэнтычныя.

    У пратаколе гаворыцца, што «18 сакавіка ў перыяд часу з 13:22 да 14:58   Меркіс (Шчыракова), знаходзячыся на праспекце Леніна каля дома 10, у парушэнне артыкула 35 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі» фактычна выконваў (ла) у апаведнасці з п. 6 закона функцыі журналіста замежнага СМІ без акрэдытацыі ў МЗС РБ, злоўжываў (ла) правамі і з парушэннем абавязкаў журналіста, прадугледжаных п.п. 2.4.6 ажыццяўляў (ла) інтэрв’юраванне мінакоў…».  Вокс-популі на тэму «Што для вас свабода?» быў паказаны на «Белсаце» 25 сакавіка, у Дзень Волі.

    Яўген Меркіс хадайнічаў, каб суд вёўся на беларускай мове — дзеля «сведчання прафесіяналізму», і каб былі дазволены відэаздымкі працэсу. Аднак суддзя Кармановіч адхіліў гэтыя хадайніцтвы.

    Вінаватым сябе Меркіс не прызнаў, патлумачыўшы, што не вырабляў відэаролік і не распаўсюджваў прадукцыю СМІ, як пазначана ў міліцэйскім пратаколе. Гэта функцыя тэлеканала «Белсат».

    Ларыса Шчыракова заявіла адвод суддзі Кармановічу на той падставе, што лічыць адміністрацыйную справу палітычна матываванай, а пакаранне прадвызначаным яшчэ да пасяджэння.

    Пасля невялікага перапынку з выхадам у дарадчы пакой суддзя адхіліў адвод і працягнуў разглядаць адміністрацыйную справу ў дачыненні  журналісткі па сутнасці.

    Шчыракова таксама віну не прызнала. Зазначыла, што мікрафон не трымала, пытанняў гараджанам не задавала, бо была на праспекце з відэакамерай. «Белсату» відэаматэрыял не накіроўвала, а змясціла на YouTube-канале «Гомельская вясна». Акрэдытацыя ў МЗС ёй не патрэбная, бо яна не працуе на замежныя СМІ.

    «Я не распаўсюджвала інфармацыю, а толькі збірала яе. А збор інфармацыі з’яўляецца маім правам, якое гарантавана беларускай Канстытуцыяй. Улада мусіць забяспечыць гэтае маё права, а не пазбаўляць яго. Журналістыка не можа быць злачынствам ці нават правапарушэннем.  Прапаную пакараць участковага Жаўняка за такі неадпаведны пратакол, а адміністрацыйную супраць мяне спыніць. Мяне абурае, што я, законапаслухмяны чалавек, стаю перад судом і апраўдваюся за абсалютна законную дзейнасць», — зазначыла Шчыракова.

    Суддзя Кармановіч патлумачыў, што не можа выходзіць за межы тых абставінаў, якія пазначаныя ў адміністрацыйнай справе. Што тычыцца «Жаўнякоў» ды іншых, параіў звяртацца туды, куды адказчыца лічыць патрэбным. І, не выходзячы ў дарадчы пакой, абвясціў: штраф 25 базавых велічынь, што складае цяпер 725 рублёў.

    Падтрымаць журналістаў у суд прыйшлі каля двух дзясяткаў гамельчукоў. Сталага веку гараджанка Наталля Лункевіч патлумачыла свой прыход гэтак:

    «Калі закрываюць каналы, незалежныя рэсурсы, то дзе нам браць праўдзівую інфармацыю? БТ ужо немагчыма ні глядзець, ні слухаць. Я запісваю, хто і за што судзіць.Таму і прыходжу на такія суды».

    Прадстаўнік БХК у рэгіёне Віктар Адзіночанка таксама прысутнічаў на судах супраць незалежных журналістаў.

    «Ідзе зачыстка грамадскага ды інфармацыйнага поля. Сённяшнія суды — гэта толькі частка агульнага ціску на журналістаў і непадкантрольныя дзяржаве інфармацыйныя рэсурсы. Незалежная журналістыка дае хоць якую інфармацыю пра рэальную сітуацыю ў Беларусі, таму супраць яе ўлады і змагаюцца», — сказаў карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ» праваабаронца Адзіночанка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці