Суд у Ганцавічах пакараў уладальніка сайта “Першы Рэгіён” штрафам за “распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі” — на 11 200 BYN
Паводле матэрыялаў справы, на сайце “Першы Рэгіён” (1reg.by), уладальнікам якога з’яўляецца прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Медыя-Ганцавічы”, былі размешчаныя публікацыі з гіперспасылкамі на Telegram-каналы “МотолькоПомоги” і “Мая краіна Беларусь”.
Гэтыя інтэрнет-рэсурсы былі прызнаныя экстрэмісцкімі ў сакавіку 2021 года.
Акрамя таго, паводле высноваў кіраўніцтва Ганцавіцкага РАУС, якое склала пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, на інтэрнэт-рэсурсе “Першы Рэгіён” на працягу 2021 года былі размешчаны і іншыя публікацыі, што “негатыўна характарызавалі грамадска-палітычную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь і дэскрыдытавалі дзейнасць дзяржаўных устаноў”.
Прадстаўнік ПВГУП “Медыя-Ганцавічы” Сяргей Багроў паведаміў у судзе, што прадпрыемства не прызнае віну ў здзейсненых учынках. Багроў удакладніў, што публікацыі на сайце “Першы Рэгіён” са згаданымі спасылкамі былі размешчаныя ў 2020 годзе, калі гэтыя Telegram-каналы яшчэ не былі прызнаныя судом “экстрэмісцкімі”.
“У нас не было намеру распаўсюджваць забароненую інфармацыю, і мы выдалілі спасылкі, але з прычыны абмежаванай колькасці супрацоўнікаў зроблена гэта было не адразу”, — патлумачыў Сяргей Багроў.
Што тычыцца астатніх публікацый, то, паводле прадстаўніка “Медыя-Ганцавічы”, яны не маюць зневажальнага зместу. Там выказана меркаванне аўтара, а гэта гарантуецца Канстытуцыяй Беларусі.
Тым не менш, 8 лютага старшыня суда Ганцавіцкага раёна Уладзімір Космач прыняў рашэнне пакараць ПВГУП “Медыя-Ганцавічы” штрафам: паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП на 300 базавых велічынь (9600 рублёў) і паводле ч. 5 арт. 23.5 КаАП на 50 базавых велічынь (1600 рублёў).
Агулам “Медыя-Ганцавічы” мусіць сплаціць штраф памерам 11200 рублёў.