• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд у Брэсце прызнаў дзве кнігі Зянона Пазняка экстрэмісцкай літаратурай

    Дзве кнігі Зянона Пазняка суд у Брэсце прызнаў экстрэмісцкай літаратурай. Разгляд справы па заяве Брэсцкай мытні адбыўся 20 красавіка ў судзе Маскоўскага раёну.

    Вокладка кнігі Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія»

    Як паведамлялася раней, па два экземпляры кніг «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял» мытнікі канфіскавалі 27 верасня 2015 года ў Алеся Чахольскага ў пункце мытнага афармлення «Брэст-Цэнтральны».

    Адказны сакратар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ вяртаўся з Польшчы, дзе і набыў гэтыя выданні. Іх накіравалі ў экспертную камісію Брэсцкай вобласці па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці або адсутнасці ў ёй прыкмет праявы экстрэмізму. Згодна з высновамі камісіі ад 26 кастрычніка, у кнігах ёсць прыкметы экстрэмізму.

    Чахольскі з такім рашэннем не пагадзіўся і выказаў недавер экспертызе, якую рабілі прадстаўнікі праўладнай грамадскай арганізацыі. Спярша ў судзе Ленінскага раёна Брэста ён спрабаваў абскардзіць рашэнне экспертнай камісіі, а таксама дамагчыся вяртання кніг. 23 лютага суд прызнаў паседжанне экспертнай камісіі правамоцным і не пабачыў падставаў для вяртання праекта на дапрацоўку.

    Чахольскі: “Відавочна, што гэта палітычная справа, палітычная замова. Экспертнае заключэнне — нікчэмнае. Фактычна, за сем месяцаў змаганняў мы давялі, што экспертная камісія складаецца з заангажаваных асобаў. Высветлілася, што ўсе яны сябры “Белай Русі”.

    Цяпер суддзя суда Маскоўскага раёна Брэста Таццяна Гаргадзе задаволіла заяву Брэсцкай мытні. Кнігі «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял» прызнаныя экстрэмісцкай літаратурай.

    Чахольскі мае намер абскарджваць судовае рашэнне.

    Кніга «Добрая фатаграфія» з’яўляецца зборнікам фатаграфічных эсэ пра фотаздымкі з краін Еўропы і Амерыкі з сярэдзіны XIX стагоддзя і да нашых дзён. Кніга «Абарона Курапатаў. Народны мемарыял» — зборнік артыкулаў, успамінаў і фотаздымкаў, прысвечаных абароне месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці