Суд разгледзіць заяву аб прадастаўленні інфармацыі без дадатковай аплаты
Светлагорскі раённы суд абавязаны разгледзіць без дадатковай пошліны заяву мясцовых актывістаў аб прадастаўленні інфармацыі пра дзяржаўную экалагічную экспертызу завода беленай сульфатнай цэлюлозы.
Рашэнне на гэты конт прыняў Гомельскі абласны суд, адмяніўшы пастанову суддзі Светлагорскага раёна Людмілы Сядзько, якая не разглядала заяву па сутнасці, патрабуючы ад заяўніцы Тамары Кавальчук даплаты судовай пошліны ў памеры трох базавых велічыняў — па колькасці заяўленых адказчыкаў.
Яшчэ ў лістападзе спадарыня Кавальчук падала заяву ў суд Светлагорскага раёна, каб прымусіць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама цэлюлозна-кардонны камбінат і канцэрн “Беллеспаперпрам” даць грамадскасці экалагічную інфармацыю, якая тычыцца працы пабудаванага кітайцамі ў 70-тысячным горадзе завода беленай сульфатнай цэлюлозы. Адказчыкі ў судзе заяўлялі, што не маюць матэрыялаў экалагічнай экспертызы — усе дакументы,маўляў, знаходзяцца ў кітайскай кампаніі САМС як генеральнага падрадчыка.
Светлагорцы яшчэ ў 2012 годзе,на стадыі абмеркавання новабудоўлі, сабралі звыш 10 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва новага хімічнага прадпрыемства. Абачліва лічылі, што яшчэ адна хімічная вытворчасць — у дадатак да аб’яднання “Хімвалакно” і ЦКК — толькі пагоршыць экалагічную сітуацыю ў горадзе і суседняй вёсцы Якімава Слабада. Аднак, нягледзячы на меркаванне жыхароў горада, праект быў распачаты.
Напрыканцы 2017 года на новым прадпрыемстве беленай цэлюлозы пачаліся пусканаладачныя працы. Яны часам спыняліся, пасля зноў аднаўляліся.
З таго часу мясцовыя жыхары адчуваюць смурод ад шкодных выкідаў у паветра і раку Бярэзіну. Мясцовыя актывісты і недзяржаўныя СМІ апроч непрыемных пахаў фіксуюць і розныя іншыя надзвычайныя здарэнні на новым заводзе. Узімку на тэрыторыі прадпрыемства здарыўся выкід бруду і пены з ачышчальных збудаванняў, а ўвесну ў адным з цэхаў абваліўся дах.
Жыхары вёскі Якімава Слабада і Светлагорска ўжо не аднойчы выходзілі на пратэсты, патрабуючы вырашыць праблему са “смярдзючым заводам”. Справа ў тым, што вытворчасць беленай цэлюлозы звязаная з выкідамі метылмеркаптанаў, якія ў вялікіх дозах могуць выклікаць нават смерць.
Канцэрн “Беллеспаперпрам” запэўнівае мясцовых жыхароў, што запуск вытворчасці беленай цэлюлозы “знаходзіцца пад кантролем”. Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў санітарна-абарончую зону не патрапілі: тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных кааператываў, парнікі і адкрытыя надзелы Светлагорскай агароднінай фабрыкі, а таксама сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.
Новую вытворчасць па выпуску беленай цэлюлозы на базе Светлагорскага ЦКК рыхтуюць уласнымі сіламі да запуску ўвосень, яна працуе пакуль у рэжыме доследна-прамысловай эксплуатацыі. Беларускаму боку не ўдалося дамовіцца з кітайскім генпадрадчыкам, каб ён у адпаведнасці са сваімі кантрактнымі абавязацельствамі ўводзіў завод беленай цэлюлозы ў эксплуатацыю.
Актывісты і проста неабыякавыя светлагорцы рознымі захадамі спрабавалі атрымаць заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы наконт эксплуатацыі прадпрыемства, але атрымлівалі адмову альбо далёка няпоўныя звесткі.
“Праз суд мы хочам даведацца, у каго ўсё ж такі знаходзіцца дзяржаўнае экалагічнае заключэнне на дзейнасць завода беленай сульфатнай цэлюлозы.На сёння цэлюлозна-кардонны камбінат як заказчык будаўніцтва адмаўляецца даць такую інфармацыю. Нас запэўніваюць толькі, што ўсё добра, усё адпавядае заканадаўству”, — тлумачыць сваю пазіцыю Тамара Кавальчук.
Падтрымліваюць заяўніцу ў судзе грамадскія актывісты Светлагорска Алена Маслюкова і Андрэй Смалянчук. Яны ўсе разам адстойваюць сваё канстытуцыйнае права жыць у спрыяльным экалагічным асяроддзі.
Спадарыня Маслюкова зазначае, што новы цэлюлозны завод прыладзіўся ў любы час сутак выкідваць у атмасферу смуродныя рэчывы.
“Мясцовыя кіраўнікі разам з пускам завода абяцалі нам пах ружаў, а ў выніку гараджане і вяскоўцы атрымалі моцны смурод меркаптанаў. Выкідваюць іх нават уначы. Пры моцнай канцэнтрацыі шкодных выкідаў можна і не прачнуцца”, — кажа Маслюкова.
У красавіку генеральны дырэктар ААТ “Светлогорскі ЦКК” Юрый Крук падпісаў адмысловае распараджэнне №125 “Аб узмацненні інфармацыйнай бяспекі ў грамадстве”, паводле якога працаўнікам аб’яднання забараняецца прыносіць на прадпрыемства мабільныя тэлефоны, а таксама рабіць відэа і фотаздымкі на тэрыторыі прадпрыемства. Распараджэнне падрыхтавана, як сказана, “у мэтах мінімізацыі рызыкаў, звязаных з распаўсюдам непраўдзівай інфармацыі, выключэння несанкцыянаваных фота- і відэаздымкаў аб’ектаў і тэхналагічных працэсаў, а таксама інфармацыйнай бяспекі ААТ “Светлогорскі ЦКК”. Заадно адміністрацыя камбіната спрабавала абвергнуць фотаінфармацыю пра абвал часткі даху на новым прадпрыемстве, пакуль у траўні факт абвалу не прызнаў прэм’ер-міністр Сяргей Румас.
Да таго ж мясцовыя ўлады забараняюць светлагорцам арганізоўваць масавыя пікеты і мітынгі з прычыны смярдзючых выкідаў на заводзе беленай сульфатнай цэлюлозы.
Меркавалася, што новы завод забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлозу на экспарт. Праект ацэньваецца ў 1 мільярд долараў. Асноўная частка грошай атрыманая праз кітайскі крэдыт.