Суд прызнаў тэлеграм-канал NEXTA экстрэмісцкім
Самы вялікі кірылічны Тэлеграм-канал прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.
Рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска інфармацыйны канал у Telegram NEXTA-Live (t.me/nexta_live) і лагатып NEXTA прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, паведамляе БелТА.
Гэта значыць, што дзяліцца кантэнтам гэтага Тэлеграм-канала цяпер нельга ні ў сацсетках, ні ў медыя.
Такое рашэнне прынята ў сувязі з утрыманнем інфармацыйнай прадукцыі (відэаролікаў, заклікаў і публікацый як ад імя самой рэдакцыі канала, так і падпісчыкаў) з прыкметамі экстрэмісцкай дзейнасці. Размова ідзе пра арганізацыю і публічныя заклікі да здзяйснення масавых беспарадкаў.
Міністэрству інфармацыі неабходна ўключыць інфармацыйны канал у Telegram NEXTA-Live (t.me/nexta_live) і лагатып NEXTA ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, прыняць меры па абмежаванні доступу да інфармацыйных рэсурсаў, якія змяшчаюць аналагічныя найменні, і іх распаўсюджванню ў беларускім сегменце.
Рашэнне суда падлягае неадкладнаму выкананню.
Грамадзянская справа разгледжана па заяве Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі.