• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд прыпыніў разгляд справы Матолькі супраць БТ да правядзення мастацказнаўчай экспертызы

    У чацвер Вярхоўны суд Беларусі пачаў разгляд зыску фатографа Антона Матолькі да Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі.

    Спачатку Матолька патрабаваў ад БТ, якое летась без дазволу і аўтарскага подпісу выпусціла ў эфір яго фотаздымкі, 20 мільёнаў рублёў маральнай кампенсацыі і па 10 базавых велічыняў за кожнае фота ў якасці аплаты.

    На пачатку судовага разгляду аўтар знізіў памер маральнай кампенсацыі да 1 беларускага рубля. На нейкі момант суддзя Віктар Коўшун нават засумняваўся ў магчымасці выканаць патрабаванне з‑за адсутнасці ў Беларусі такіх дробных купюраў.

    Антон Матолька гаворыць, што патраціў шмат часу на падрыхтоўку фотаздымкаў, апрацаваў іх і размясціў на сваім асабістым сайце і на старонцы Live­jour­nal, папярэдне забараніўшы выкарыстанне фотаздымкаў без яго дазволу.

    Асноўная прэтэнзія фатографа – БТ без дазволу выкарыстала два яго фотаздымкі, а таксама парушыла яго правы на аўтарства, не назваўшы ў выпуску навінаў крыніцу выяваў.

    Фатограф кажа, што размяшчэнне кадраў на БТ у матэрыяле “Северное сияние цвета белорусского флага”, апроч парушэння аўтарскага права, нанесла яму істотную маральную шкоду. Па-першае, ён быў абражаны пагардлівым стаўленнем да сябе з боку дзяржаўнага СМІ і шмат перажываў з‑за гэтага. Па-другое – з яго насміхаліся калегі з‑за таго, што яго фота скарысталі для прапаганды афіцыйнай сімволікі.

    У пацвярджэнне Антон Матолька прадэманстраваў суду раздрукоўку насмешлівага посту ў Face­book блогера Андрэя Кабанава. Да таго ж, як кажа Матолька, яму спатрэбілася шмат часу і грошай для падрыхтоўкі ўласнай юрыдычнай абароны.

    Як патлумачыў начальнік Аддзела прававой і аналітычнай працы Юрыдычнага упраўлення Белтэлерадыёкампаніі Андрэй Жылінскі, выпускаў навінаў насамрэч было некалькі. Калі ў першых двух фотаздымкі сапраўды дэманстраваліся без указання аўтарства, то ў наступных БТ выправілася і ўсё ж назвала Матольку.

    Па словах Жылінскага, тэлебачанне мае права браць для эфіру фота з глабальнага інтэрнэту, калі аўтар ці праваўладальнік наўпрост не забараняюць гэтага. І хоць Антон Матолька прадставіў суду адпаведныя скрыншоты, БТ не бачыць у іх забароны і лічыць, што дзейнічала ў прававым полі.

    Што ж да адсутнасці згадкі імя аўтара – Жылінскі абгрунтаваў гэта аператыўнасцю працы тэлебачання:

    – Падрыхтоўка выпуску навінаў у Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь – гэта вельмі аператыўная, сур’ёзная і адказная праца. Менавіта таму аўтара адразу ўстанавіць не ўдалося, – зазначыў сп. Жылінскі, выклікаўшы ў прысутных усмешкі.

    Прадстаўнік БТ патлумачыў, што паводле статуту тэлекампанія абавязаная аператыўна паведамляць грамадству пра істотныя падзеі ў Беларусі, у тым ліку і пра стан навакольнага асяроддзя, да якога можна аднесці паўночнае ззянне. А статут БТ зацверджаны указам Прэзідэнта Беларусі, які, ў сваю чаргу, вышэйшы за закон аб аўтарскім праве.

    Выглядала, што такая пазіцыя была нечаканай нават для суддзі, які папрасіў прадстаўніка тэлебачання агучыць яе паўторна.

    БТ пакуль не прапанавала Матольку ні міравога пагаднення, ні працэдуры медыяцыі. Па словах Жылінскага, пра гэта можна весці гаворку толькі тады, калі фотаздымкі Матолькі прызнаюць мастацкім творам.

    Пакуль жа БТ прытрымліваецца меркавання, што фота Антона не адпавядаюць прыкметам творчасці і не падпадаюць пад дзеянне закона аб аўтарскім праве, бо не з’яўляюцца творамі мастацтва.

    У справе прызначана мастацтвазнаўчая экспертыза, праводзіць якую будзе загадчык кафедры кінатэлеаператарства Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Андрэй Чупрынскі. На гэты час разгляд справы прыпынены.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці