• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд па экстрэмізму над «Вечерним Могилевом» перанеслі

    Суд Ленінскага раёна г. Магілёва 8 ліпеня пачаў разгляд адміністрацыйнай справы рэдакцыі газеты «Вечернего Магілёва» па арт. 17.11 КаАП (Распаўсюд і выраб інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць).

    Група падтрымкі «Вечернего Могилёва» каля суда. Фота: mspring.online

    Справу распачалі пасля таго, як Рэспубліканская экспертная камісія па інфармацыйнай прадукцыі па скарзе маладзечанскага актывіста Валянціна Цішко знайшла ў матэрыялах абласной газеты прыкметы экстрэмізму.

    Згодна з экспертным заключэннем камісіі прыкметы экстрэмізму знайшлі ў двух артыкулах газеты: «У што выліваецца нецярпімасць да вычварэнцаў?» і «Лірычных пачуццяў нацягнутыя струны».

    Судовае разбіральніцтва па гэтай справе вядзе суддзя Аляксандр Бушкевіч, які павінен устанавіць, ці сапраўды матэрыялы газеты з’яўляюцца экстрэмісцкімі. Падтрымаць газету прыйшлі каля двух дзесяткаў праваслаўных актывістаў. З сабой яны прынеслі іконы. Некаторыя прывялі нават дзяцей, аднак сакратарка судовага пасяджэння забараніла непаўналетнім прысутнічала на працэсе.

    Юрыст газеты Станіслаў Леўчанка заяўляў суддзі адвод. Ён матываваў гэта тым, што Бушкевіч — былы следчы Следчага камітэта і, як былы сілавік, негатыўна ставіцца да ЛГБТ. Хадайніцтва аб адводзе было адхілена.

    Юрыст «Вечернего Могилёва» распавёў на судзе, што экспертная камісія, якая знайшла прыкметы экстрэмізму ў матэрыялах газеты, не паведаміла пра дату і месца свайго пасяджэння, а таксама не прыслала сваё заключэнне ў рэдакцыю газеты. Акрамя таго, выданне не атрымала копію пратакола пасяджэння камісіі. Станіслаў Леўчанка зрабіў здагадку, што гэта звязана з магчымымі фальсіфікацыямі з боку камісіі. Ён заявіў, што газета ўжо падала скаргу на экспертную камісію ў эканамічны суд г. Мінска. Вынікаў пакуль няма — дакументы, па сцвярджэнні Леўчанка, паступілі ў мінскі суд толькі 8 ліпеня.

    Каб пераканацца ў гэтым, суддзя Аляксандр Бушкевіч абвясціў перапынак у працэсе да 11 ліпеня.

    Калі суд пагодзіцца з аргументамі экспертаў, то па арт. 17.11 КаАП можа пакараць рэдакцыю штрафам у памеры ад 50 да 200 базавых велічыняў (да 5100 рублёў). Раней рэдакцыя ў сацыяльных сетках ужо абвясціла збор сродкаў на яго выплату, загадзя «не верачы ў справядлівасць правасуддзя».

    Газета «Вячэрні Магілёў» набыла вядомасць сваімі агрэсіўнымі артыкуламі з нападкамі на прадстаўнікоў ЛГБТК+. Як адзначыў магілёўскі праваабаронца «Вясны» Аляксандр Буракоў «Белсату», у параўнанні з іншымі мясцовымі СМІ, мова варожасці «Вечернего Могилёва» больш жорсткая і агрэсіўная:

    «У адрозненне ад іншых СМІ, мова варожасці ў «Вечернего Могилёва» ў дачыненні да ЛГБТ, феміністак, розных празаходніх арганізацый, у тым ліку ААН і Еўрасаюза, — гэта была частка рэдакцыйнай палітыкі».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці