Суд над журналістам Андрэем Пачобутам перанеслі на 16 студзеня
Суд над палітзняволеным журналістам і актывістам незарэгістраванага ўладамі Саюза палякаў Беларусі Андрэем Пачобутам мусіў быў пачацца 9 студзеня. Аднак, як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, разгляд справы зноў перанеслі — гэтым разам на 16 студзеня.
Судовы працэс мусіў пачацца яшчэ 28 лістапада мінулага года, але яго адклалі і, як бачым, працягваюць адкладаць да гэтай пары.
Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне па так званай “польскай справе” разам з іншымі актывістамі незарэгістраванага ўладамі Саюза палякаў Беларусі. Пазней стала вядома, што за артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў “распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце”. У матэрыяле Пачобут напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года назваў агрэсіяй.
Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуруюць заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул у польскім выданні Gazeta Wyborcza пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст у Magazyn Polski ад 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.
Паводле абвінавачання “аб распальванні варожасці” (арт. 130 КК) Анджэю пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі. Таксама журналіста абвінавацілі ў закліках да санкцый супраць Беларусі (арт. 361 КК).
Журналіст знаходзіцца за кратамі ад моманту затрымання. У кастрычніку 2022 года КДБ РБ унёс Анджэя Пачобута ў спіс тэрарыстаў.
Чытайце яшчэ:
Рэдактар прафсаюзнага бюлетэня Вацлаў Арэшка пакараны 8 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму
Контрабанда денег и финансирование протестов. В чем обвиняют правозащитников «Вясны»
Александр Фридман: “Пропаганда — очень закрытая система. Свет в эту тьму не проникает”