• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд над фрылансерам Жукоўскім у Лоеве: Пратаколы адправілі на дапрацоўку

    У Лоеўскім раённым судзе пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага.  Мясцовая міліцыя вінаваціць яго ў дробным хуліганстве паводле артыкула 17.1 КаАП.

    “Тры пратаколы — нібыта за абразу чыноўніц Лоеўскага райвыканкама Наталлі Кавуравай і Ірыны Пастуховай, а таксама за непадпарадкаванне і абразу першага намесніка начальніка міліцыі Генадзя Маджары — суд направіў на дапрацоўку, — паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўкі. — Я  прасіў, каб суд наогул перанеслі, пакуль супрацоўнікі Следчага камітэта праводзяць праверку па маёй заяве адносна гвалту супрацоўнікаў лоеўскай міліцыі.  Бо я і цялесныя пашкоджанні ў судмэдэкспэртызе здымаў на патрабаванне райаддзела Следчага камітэту. Аднак суддзя Антаніна Музычэнка адхіліла маё хадайніцтва”.

    Не задаволіла суддзя Музычэнка і хадайніцтва Жукоўскага пра тое, каб юрыст Леанід Судаленка як сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» па даверанасці  прадстаўляў яго інтарэсы ў судзе, паколькі Жукоўскі таксама з’яўляецца сябрам ГА “БАЖ” . Судаленка прысутнічаў на судовым пасяджэнні як шэраговы назіральнік.

    “Мяне ўразіла, што суддзя  тры з чатырох пратаколаў, складзеных у дачыненні да Жукоўскага, вярнула на дапрацоўку. Відавочна,  міліцыя паспяшалася абвінаваціць фрылансера адразу па чатырох адміністрацыйных артыкулах, — дзеліцца  сваімі назіраннямі Судаленка. — Што датычна чацвёртага пратакола — абвінавачвання ў дробным хуліганстве,  — то з відэазапісу бачна, што Жукоўскі не махаў рукамі. Так, ён гучна заяўляў свае прэтэнзіі, калі яго скруцілі ў трое міліцыянтаў, прыціснулі да падлогі і надзявалі кайданкі. Калі чалавек адчувае фізічны боль, ён, канечне, будзе крычаць. Хуліганам журналіста-фрылансера хоча зрабіць лоеўская міліцыя”.

    Сітуцыя беспрэцэдэнтная. Крыху больш за месяц таму лоеўская міліцыя затрымала  Кастуся Жукоўскага разам з фрылансерам Аляксеем Атрошчанкам падчас відэаздымкаў мясцовага камбінату будаўнічых матэрыялаў.

    Разбірацца з фрылансерамі, якія рабілі  відэаздымкі камбінату, спачатку прыехалі намесніца старшыні па ідэалёгіі Лоеўскага райвыканкама Наталля Кавурава і кіраўніца спраў райвыканкаму Ірына Пастухова. Неўзабаве туды пад’ехалі (відаць, па выкліку чыноўніц) двое супрацоўнікаў ДАІ, паколькі Жукоўскі з Атрошчанкам прыехалі ў Лоеў на прыватным аўтамабілі. А яшчэ праз колькі часу да камбінату прыехаў на службовай аўтамашыне з двума афіцэрамі начальнік РАУС Уладзімер Бухаўцоў, запатрабаваўшы “спыніць незаконныя відэаздымкі”.

    Фрылансераў даставілі ў міліцыю, дзе адзін з трох удзельнікаў гвалту — старшы ўчастковы, маёр міліцыі Андрэй Хічоў — і склаў на Жукоўскага чатыры адміністрацыйныя пратаколы. На Аляксея Атрошчанку — два.

    Адміністрацыйны суд над Жукоўскім будзе працягнуты 28 ліпеня. У гэты дзень маюць быць дапытаныя сведкі з ліку цывільных людзей, якіх міліцыя на час затрымання Жукоўскага прывозіла альбо выклікала па позвах.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці