• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пачаўся завочны суд над былымі супрацоўніцамі Tut.by Вольгай Лойка, Аленай Талкачовай і Кацярынай Ткачэнка

    Мінскі гарадскі суд 15 ліпеня ў парадку спецвытворчасці, то-бок завочна, распачынае працэс над былымі супрацоўніцамі партала Tut.by Вольгай Лойка, Аленай Талкачовай і Кацярынай Ткачэнка. Усе абвінавачаныя на сёння знаходзяцца па-за межамі Беларусі.

    суд над супрацоўніцамі Tut.by

    Вольга Лойка, Алена Талкачова, Кацярына Ткачэнка. Калаж: Вясна

    Журналісткам недзяржаўнага інфармацыйнага партала Tut.by Вользе Лойка, Алене Талкачовай і юрыдычнай кансультантцы Кацярыне Ткачэнка высунулі абвінавачанні паводле чатырох крымінальных артыкулаў:

    • частка 3 артыкула 130 КК (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы);
    • частка 2 артыкула 243 КК (у старой рэдакцыі КК — Ухіленне ад выплаты падаткаў);
    • частка 1 артыкула 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх);
    • частка 3 артыкула 361 КК (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»).

    Згодна з раскладам на сайце Мінскага гарадскога суда, весці справу прызначаная суддзя Валянціна Зянькевіч, добра вядомая па ранейшых вочных і завочных палітычна матываваных прысудах. Менавіта яна трымала ў кайданках падчас судовага працэсу галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву і гендырэктарку Tut.by Людмілу Чэкіну. І вынесла 17 сакавіка 2023 года ім прысуд — па 12 год пазбаўлення волі з адбыццём ў калоніі.

    Тады ж улады планавалі судзіць і галоўную рэдактарку палітыка-эканамічнага блока інтэрнэт-выдання Вольгу Лойка, журналістку Алену Талкачову і юрыстку Кацярыну Ткачэнку. Але яны не з’явіліся ў суд, бо змаглі эвакуявацца з Беларусі.

    Журналістак ўнеслі ў «тэрарыстычны спіс»

    Сённяшніх абвінавачаных затрымалі разам з іншымі супрацоўнікамі рэдакцыі падчас штурму сілавікамі офіса Tut.by у Мінску 18 мая 2021 года. Тады была распачатая крымінальная справа нібыта за ўхіленне ад сплаты падаткаў праз ільготы Парка высокіх тэхналогій у асабліва буйным памеры. Праваабарончая супольнасць прызнала іх палітычнымі вязнямі.

    Вольгу Лойку вызвалілі ў сакавіку 2022 года, Алену Талкачову — у ліпені пад паручальніцтвы з абавязкам з’явіцца ў суд. Яны не сталі выпрабоўваць лёс і з’ехалі з Беларусі, калі была абвешчаная дата пачатку суда над кіраўніцтвам Tut.by.

    Пазней у праўладных тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя, што «збеглыя» фігуранткі абвешчаныя ў міжнародны вышук, іх справа вылучаная ў асобную «спецвытворчасць». У красавіку 2023 года Мінгарсуд (усё тая ж суддзя Зянькевіч) аштрафаваў кожнага з паручальнікаў за выехаўшых супрацоўніц партала на 500 базавых велічынь (18.500 рублёў на той момант). Паручальнікамі Алены Талкачовай былі палітолаг Яўген Прэйгерман і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі, Вольгі Лойка — старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.

    У кастрычніку 2020 года КДБ унёс журналістак у «тэрарыстычны спіс». Вольга Лойка і Алена Талкачова пазначаныя у адмысловым пераліку як асобы, якія «маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

    Вольга Лойка: няма сэнсу сачыць за гэтым працэсам

    Вольга Лойка зараз займаецца аўтарскім медыяпраектам Plan B, які заснавала летась у Польшчы. У каментары БАЖ журналістка заявіла, што не цікавіцца працэсам над ёй і яе калегамі і нават не збіраецца адмыслова за ім сачыць. Паводле слоў Вольгі, па-першае, не бачыць сэнсу быць датычнай да відавочна абсурднай дзеі, па-другое, ніхто з ёй не кантактаваў «з таго боку». Роўна як і яна не спрабавала шукаць кантакту з прызначаным дзяржавай адвакатам ці ўвогуле з кімсьці з супрацоўнікаў судовага апарату.

    «Не бачу сэнсу і не збіраюся быць датычнай да гэтага аніякім бокам», — сказала Вольга Лойка.

    Найбуйнейшы і самы папулярны недзяржаўны інтэрнэт-партал Беларусі Tut.by быў разгромлены ўладамі ў маі 2021 года. Частка каманды, якая засталася на волі, у ліпені таго ж года вымушана з’ехала з краіны і ў эміграцыі стварыла медыяпраект Zerkalo.io. Новае медыя стала пераемнікам Tut.by і прытрымліваецца традыцый партала. У Беларусі і Расіі доступ да інтэрнэт-выдання заблакаваны, а ягоны кантэнт прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Рашэннем МУС Беларусі ад 9 чэрвеня 2023 года сайт Zerkalo.io і іншыя інтэрнэт-рэсурсы медыяпраекта абвешчаныя «экстрэмісцкім фарміраваннем».

    3 снежня 2020 года эканамічны суд Мінска пазбавіў партал Tut.by статусу СМІ.  А 14 чэрвеня 2022 года той жа эканамічны суд Мінска прызнаў ТАА «Тут Бай Медыя» «экстрэмісцкай арганізацыяй» — датычнымі да экстрэмізму пералічаныя сайт, старонкі ў сацсетках, а таксама «сімволікі і артыбутыка» Tut.by.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці