Суд адправіў адміністрацыйныя справы гродзенскіх журналістаў на дапрацоўку ў міліцыю
Суддзя Ленінскага раёна Гродна Юрый Казакевіч пастанавіў накіраваць матэрыялы адміністрацыйных спраў супраць журналістаў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча на дапрацоўку ў міліцыю.
Гэта вынікае з копіі адпаведнай пастановы ад 23 ліпеня, накіраванай журналістам. Паводле суддзі, з матэрыялаў справы не вынікае, што Дзянісаў і Кіркевіч не маюць акрэдытацыі ў МЗС Беларусі як журналісты замежнага СМІ.
Нагадаем, што гродзенскіх фрылансераў вінавацяць у незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі – падрыхтоўцы інфармацыйнага матэрыялу для спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” (арт. 22.9 КаАП РБ).
Нагодай для гэтага стаў відэасюжэт пра выставу літоўскіх лялек у Гродне, размешчаны на сайце тэлеканала “Белсат”.
Агульная сума штрафаў журналістам у 2015 г. за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ на сёння складае 137 мільёнаў 780 тысяч рублёў (больш за 8 тысяч еўра).