Суд адхіліў апеляцыю “Ганцавіцкага часу” наконт адмовы ў акрэдытацыі журналістаў
Апеляцыйная інстанцыя Эканамічнага суда Брэсцкай вобласці 17 кастрычніка адхіліла скаргу прыватнага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Медыя-Ганцавічы” — заснавальніка недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час”.
ПВГУП “Медыя-Ганцавічы” абскарджвала рашэнне Эканамічнага суда Брэсцкай вобласці, які 5 верасня не задаволіў заяву да Ганцавіцкага раённага савета дэпутатаў. У першым звароце ў суд “Медыя-Ганцавічы” прасілі прызнаць незаконнымі дзеянні мясцовых дэпутатаў, паводле якіх не былі акрэдытаваныя журналісты “Ганцавіцкага часу”.
Дырэктар прадпрыемства і галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” Пётр Гузаеўскі нагадвае: падчас разгляду заявы ў верасні суд пагадзіўся, што права журналістаў на акрэдытацыю рэалізуецца праз сродак масавай інфармацыі, калі кіраўніцтва гэтага СМІ звяртаецца ў орган, пры якім супрацоўнікі выдання хацелі б акрэдытавацца. Акрамя таго, у часе судовага працэсу высветлілася, што ў Ганцавіцкім раённым савеце дэпутатаў адсутнічае дакумент, які вызначае парадак акрэдытацыі. У выніку суд вынес прыватнае вызначэнне аб парушэнні Закона аб СМІ і абавязаў райсавет распрацаваць палажэнне аб акрэдытацыі журналістаў.
Аднак у астатнім, як мяркуе Пётр Гузаеўскі, высновы суда першай інстанцыі не адпавядаюць акалічнасцям справы.
“Я лічу, што суд няправільна ўжыў нормы працэсуальнага права, што і прывяло да прыняцця няправільнага рашэння”, — кажа галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу”.
Ён звярнуў увагу, што пытанне наконт акрэдытацыі журналістаў разглядалася прэзідыумам Ганцавіцкага раённага савета дэпутатаў, і чальцам прэзідыума была добра вядомая мэта звароту рэдакцыі.
“Паколькі чальцы прэзідыума не ўхіліліся ад разгляду заявы аб акрэдытацыі, то вынікам такога разгляду можа быць альбо адмова ў акрэдытацыі, альбо сама акрэдытацыя. З адказу райсавета рэдакцыі вынікае, што наш зварот не задаволены — гэта значыць, нам фактычна адмоўлена. Зацікаўленая асоба, спаслаўшыся на адсутнасць распрацаваных райсаветам правіл акрэдытацыі, прапануе толькі прысутнічаць на адпаведных мерапрыемствах, якія ладзяцца дзяржаўным органам”, — тлумачыць Пётр Гузаеўскі.
Ён упэўнены, што такім чынам журналістаў “Ганцавіцкага часу” пазбавілі права на асвятленне мерапрыемстваў, якія праводзяцца Ганцавіцкім раённым саветам дэпутатаў, дазволіўшы толькі прысутнічаць на такіх мерапрыемствах.
Гузаеўскі нагадвае пра артыкул Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, якім вызначана, што “ў сувязі з ажыццяўленнем прафесiйных абавязкаў журналiст сродку масавай iнфармацыi мае права вырабляць пры наяўнасці акрэдытацыі або па ўзгадненні з фізічнымі або юрыдычнымі асобамі ў дачыненні да гэтых асобаў запiсы, у тым ліку з выкарыстаннем сродкаў аўдыёвізуальнай тэхнікі, кіна- і фотаздымак, калi iншае не прадугледжана заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”.
Паколькі пры акрэдытацыі больш ніякіх іншых узгадненняў (у тым ліку ўзгадненне запісаў) не патрабуецца, то такім чынам адмовай у акрэдытацыі былі парушаныя таксама правы журналістаў — супрацоўнікаў газеты “Ганцавіцкі час” — на збор і распаўсюд інфармацыі (у адпаведнасці з артыкулам 34 Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”).
У апеляцыйнай скарзе кіраўнік ПВГУП “Медыя-Ганцавічы” прывёў і іншыя прыклады, якія, на яго думку, сведчылі пра неабгрунтаванасць рашэння Эканамічнага суда Брэсцкай вобласці пры адмове ў задавальненні заяўленых патрабаванняў. Аднак апеляцыйная інстанцыя пакінула папярэдні вердыкт без зменаў, а апеляцыйную скаргу — без задавальнення.