Суд абвесціў пра ліквідацыю БелаПАН
Пракурор Першамайскага раёна Мінска падаў іск аб ліквідацыі ЗАТ «БелаПАН». Эканамічны суд задаволіў яго. Пастанова суда ўжо ўступіла ў сілу.
БелаПАН быў заснаваны ў 1991 годзе Алесем Ліпаем. Гэта першае незалежнае інфармацыйнае агенцтва ў Беларусі. 14 студзеня 2021 года ў рэдакцыю з ператрусам прыйшлі сілавікі. 18 жніўня ператрус паўтарыўся: на гэты раз яго праводзілі не толькі ў офісе, але і на кватэрах журналістаў. Некалькі чалавек былі затрыманы. Сайты belapan.by, belapan.com, naviny.by перасталі працаваць.
6 кастрычніка 2022 года Мінскі абласны суд агучыў у закрытым пасяджэнні вердыкт фігурантам справы недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Праз «сакрэтны» фармат і падпіскі адвакатаў пра «неразгалошванне працэсуальнай таямніцы» не было нават вядома, якія тэрміны запатрабаваў пракурор. Таму суддзя Вячаслаў Тулейка проста канстатаваў персанальнае рашэнне.
Ірына Леўшына, галоўная рэдактарка БелаПАН – 4 гады калоніі.
Дзмітрый Наважылаў, экс-генеральны дырэктар БелаПАН – 6 гадоў калоніі.
Андрэй Аляксандраў, колішні намеснік дырэктара БелаПАН – 14 гадоў калоніі.
Ірына Злобіна, сацыёлаг, грамадская актывістка – 9 гадоў калоніі.
Акрамя таго, большасці прызначылі буйныя штрафы: Андрэю Аляксандраву — 1000 базавых велічынь на момант прысуду (32 000 рублёў), Ірыне Злобінай — 800 базавых велічынь (25 600 рублёў), Дзмітрыю Наважылаву — 700 базавых велічынь (22 400 рублёў).