Сучасныя трафікі трэцяга лічбавага свету
"Мы назаўжды выдалілі ваш канал з YouTube. У далейшым вы не зможаце атрымліваць доступ да іншых каналаў YouTube, валодаць імі ці ствараць іх", — такое паведамленне 9 сакавіка атрымала рэдакцыя беларускага сайта Reform.by. Са жніўня 2020 года праект рэгулярна публікаваў відэа з вулічных пратэстаў. Магчыма, менавіта гэтыя ролікі — а дакладней, зафіксаваная ў іх жорсткасць беларускіх сілавікоў — сталі прычынай выдалення канала.
Буйны гулец мог бы калі не дыктаваць YouTube свае правілы, то хаця б гучна абурыцца — і прымусіць пачуць сябе. Але якія шанцы на аб'ектыўны разбор у выпадку з невялікім праектам з Беларусі?
«Спробы высветліць прычыны блакавання ні да чога не прывялі, і такім чынам выдалены ўвесь відэаархіў рэдакцыі», — канстатуе каманда Reform.by. І дадае, што невядомыя рэгулярна скардзіліся мадэратарам відэасэрвісу на змест канала.
«У лістападзе нападнікам удалося дамагчыся замарожвання нашага акаўнта на тры месяцы без выдалення кантэнту. Толькі працяглая перапіска з адміністрацыяй сэрвісу дазволіла разблакаваць магчымасць дадавання новых відэа, — так складваліся адносіны рэдакцыі і адміністрацыі відэахостынгу. — Нагадаем, рускамоўны сегмент YouTube мадэруе расійская каманда».
Маленькая краіна
Апошняя заўвага асабліва важная. У Мінску няма офіса карпарацыі Google, якой належыць YouTube. А ў маскоўскім офісе, здаецца, не схільныя разглядаць параўнальна невялікі беларускі рынак як самастойны.
У 2019 годзе медыяменеджар Франак Вячорка паспрабаваў разабрацца, чаму відэаролікі на беларускай мове вельмі рэдка праходзяць мадэрацыю на Google Ads. Ён атрымаў адказ: відэа на беларускай, татарскай, казахскай і іншых «малых» мовах абмежаваныя для платнага прасоўвання.
У чым прычына? У маскоўскім офісе Google Вячорку заявілі, што кампанія не можа дазволіць сабе іх падтрымліваць.
— Што мне рабіць? — пацікавіўся медыяменеджар.
— Стварайце кантэнт на рускай мове, — параілі яму.
На той момант сэрвіс Google Ads падтрымліваў 45 моў. Беларускай мовы сярод іх не было. Сёння Google Ads падтрымлівае 44 мовы. І беларускай сярод іх па-ранейшаму няма. У адрозненне, напрыклад, ад украінскай.
«Калі вы створыце аб’яву на непадтрымліванай мове, яна будзе адхілена», — адразаюць у сэрвісе. У той жа час у Facebook такіх умоў няма. На прасоўванне можна паставіць допіс на ўсякай мове.
Сітуацыяй карыстаюцца беларускія дзяржаўныя СМІ. Яны працуюць пераважна на рускай мове, таму могуць сабе дазволіць забіць YouTube сваімі рэкламнымі аб’явамі. Час ад часу — звычайна напярэдадні масавых акцый — удзельнікі пратэставых тэлеграм-чатаў пачынаюць скардзіцца, што перад кожным відэа вымушаныя глядзець прапагандысцкія кліпы пра выдатнае жыццё ў Беларусі, пра тое, як праціўнікі Лукашэнкі хочуць усё сапсаваць, і пра тое, як дрэнна адстойваць свае правы на вуліцах.
Кадр з прапагандысцкага рэкламнага роліка на Youtube
Платнае прасоўванне важнае для відэаблогераў-пачаткоўцаў — без яго хутка сабраць сур’ёзную аўдыторыю практычна немагчыма. Каб у гэтай сітуацыі стартаваць з кантэнтам на беларускай мове, трэба быць яго ідэйным фанатам, гатовым на ве-е-е-ельмі доўгую дарогу да «Залатой кнопкі», якую YouTube дорыць каналам з мільёнам падпісчыкаў. Правілы, па якіх сёння працуе Google Ads, заточаныя пад тых, хто «пілуе кантэнт» на рускай мове, а носьбітам «малых» моў, такіх як беларуская, наадварот, абяцаюць цяжкасці.
Такія розныя правы чалавека
9 жніўня 2020 года, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, беларусы апынуліся ў новай лічбавай рэальнасці. Інтэрнэт у краіне быў заблакаваны — гэта працягвалася тры дні. Таксама былі заблакаваныя дзясяткі інфармацыйных сайтаў.
Абысці блакаванне ўдавалася з дапамогай сеткі проксі-сервераў Psiphon і аналагічных сэрвісаў. Праз тры дні інтэрнэт уключылі, каб пазней пачаць адключаць яго кожную нядзелю, калі дзясяткі тысяч людзей выходзілі пратэставаць на вуліцы Мінска і іншых гарадоў. Так што беларусы і не выдалялі з тэлефонаў праграмы, якія даюць доступ да проксі-сервераў. Да канца года беларускі трафік, які з 9 жніўня прайшоў праз Psiphon, складае 4,81 петабайта.
Шматразова вырасла аўдыторыя месенджара тэлеграм, у які «пераехалі» заблакаваныя СМІ. Аднак у снежні беларускія ўлады распачалі паспяховую спробу яго блакавання падчас чарговай масавай пратэставай акцыі. На дапамогу зноў прыйшоў Psiphon, але можна канстатаваць, што ў Беларусі ўлады дзейнічалі больш паспяхова, чым у Расіі, дзе шмат разоў спрабавалі, але так і не змаглі выбудаваць бар’ер паміж тэлеграмам і карыстальнікамі.
Адкуль беларускія ўлады атрымалі тэхналогіі, якія дазваляюць эфектыўна абмяжоўваць доступ у інтэрнэт? Неабходнае абсталяванне паставіла амерыканская кампанія Sandvine. У прэсе яе распрацоўкі называюць «калашнікавым лічбавай эпохі».
Мітынг каля офіса Sandvine у Сан-Францыска / «Радыё Свабода»
Калі на тое, у Sandvine ёсць Камітэт па дзелавой этыцы. Ён разглядае кожную здзелку кампаніі, каб выключыць рызыку выкарыстання яе тэхналогій «на шкоду правам чалавека». У адказ на запыт Еўрарадыё Sandvine паведаміла, што лічыць, што, пастаўляючы абсталяванне для фільтрацыі інтэрнэт-трафіку беларускім уладам, яна нічога не парушыла.
Але пасля таго як Bloomberg правёў расследаванне пра блакаванне інтэрнэту ў Беларусі, а беларусы Сан-Францыска сталі рэгулярна збірацца каля офіса інвестыцыйнай кампаніі Francisco Partners, якая валодае Sandvine, там загаварылі па-іншаму. Здзелку з беларускімі ўладамі ўсё ж давялося разарваць. Распрацоўшчык заявіў, што ў прадукты, пастаўленыя ў Беларусь, быў укаранёны саматужны код для перашкаджэння свабоднаму патоку інфармацыі падчас выбараў у краіне.
«Гэта парушэнне правоў чалавека, якое прывяло да аўтаматычнага спынення дзеяння нашага ліцэнзійнага пагаднення з канчатковым карыстальнікам, — гаворыцца ў заяве Sandvine. — Наша кампанія вельмі сур’ёзна ставіцца да парушэнняў правоў чалавека. Мы таксама не прымаем выкарыстання тэхналогій для абмежавання інфармацыі, якое ў выніку прыводзіць да парушэння правоў чалавека».
Зрэшты, аналітыкі звярнулі ўвагу на тое, што скасаванне пагаднення не азначае, што прадукты Sandvine імгненна перасталі працаваць. Інакш кажучы, у беларускіх уладаў быў час знайсці ім замену.
А гэта беларусы пратэстуюць каля офіса Cloudflare у Сан-Францыска / «Еўрарадыё»
Бягучыя санкцыі ЗША супраць Беларусі забараняюць прапанаванне амерыканскіх сэрвісаў усякай кампаніі, якую беспасярэдне ці ўскосна кантралююць асобы, якія падпадаюць пад санкцыі. У «чорным спісе» — паўтара дзясятка грамадзян Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку.
Фармальна АНТ — гэта закрытае акцыянернае таварыства «Другі нацыянальны канал». Аднак гэта ЗАТ створана ў адпаведнасці з указам Аляксандра Лукашэнкі (ад 15 лютага 2002 года). Старшыню праўлення ЗАТ «Другі нацыянальны канал» зацвярджае сход акцыянераў. Аднак гэта адбываецца толькі пасля таго, як кандыдатуру топ-менеджара прапануе Лукашэнка.
У артыкуле «Вікіпедыі» пра АНТ сказана, што ўладальнікам кантрольнага пакета акцый тэлеканала з’яўляецца Міністэрства інфармацыі Беларусі (51%). Мінарытарыі — Беларусбанк (29%) і ТАА «Фабрыка інфармацыйных тэхналогій» (20%).
Жнівень 2020 года. Мітынг каля тэлецэнтра, дзе знаходзіцца АНТ / «Еўрарадыё»
Калі мы намякнулі Cloudflare на парушэнне санкцый, кампанія адказала, што лічыць, што выконвае іх. І ці то пачала, ці то не пачала расследаванне свайго супрацоўніцтва з АНТ — адказ быў неадназначны: «Калі мы атрымліваем сцвярджэнні пра тое, што карыстальнікі нашых паслуг ёсць аб’ектамі санкцый, то расследуем гэтыя заявы».
Але значна больш дзіўнай была рэакцыя беларускай інтэрнэт-супольнасці. Мясцовыя актывісты папрасілі «больш не тузаць» кампанію, паколькі для Cloudflare прасцей адмовіцца ад беларускага рынку ў прынцыпе, чым разбірацца, што тут «можна», а што «нельга», і несці адказнасць за магчымыя парушэнні. Cloudflare рэальна патрэбна ў нашым рэгіёне. Кампанія — важны пастаўшчык паслуг, якія дазваляюць сайтам стабільна працаваць.
Сучасныя трафікі
Такім чынам, вялікімі лічбавымі карпарацыямі Беларусь не разглядаецца як самастойны рынак. Нярэдкія сітуацыі, калі беларускімі пытаннямі займаюцца расійскія ці ўкраінскія офісы буйных кампаній. Гэта стварае праблемы як асобна для незалежных СМІ, так і для свабоды слова ў цэлым. Прыватныя распрацоўшчыкі здзяйсняюць неабдуманыя здзелкі з беларускімі ўладамі. А медыяпрастора запаўняецца прапагандысцкімі відэа на рускай мове.
Выхад з сітуацыі ў тым, каб «уважать себя заставить» — зарабіць рэпутацыю краіны, інтарэсамі якой грэбаваць не камільфо. І Беларусь некалькі апошніх гадоў упэўнена ішла да такога статусу. Заснаваныя выхадцамі з нашай краіны топавыя стартапы, «крыптагавань», зручны для вядзення бізнесу Парк высокіх тэхналогій — усё гэта прыцягвала ўвагу да Беларусі, прымушала аналізаваць нашу сітуацыю.
Але ў 2020 годзе аказалася, што ўсё гэта напускное. Стаўленне ўладаў да інтэрнэту ў цэлым можна апісаць недарэчным словазлучэннем «сучасныя трафікі», якім віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін насмяшыў усіх на адкрыцці мінскага ІКТ-форуму Tibo. Ну а айцішнікі так і засталіся «яйцагаловымі» — так іх у снежні 2018 года назваў Аляксандр Лукашэнка.
Апошнія некалькі месяцаў Беларусь не сыходзіла з палос сусветных СМІ — і сёння якая-небудзь чарговая «сандвайн» наўрад ці б так лёгка адважылася прадаць беларускім уладам тэхналогіі для кантролю за інтэрнэтам. Але ў той жа час Беларусь імкліва знікае з кантэксту развіцця айці-сферы. Улады пазбавілі Парк высокіх тэхналогій льгот, якія рабілі вядзенне бізнесу там прывабным. А палітычны крызіс падштурхоўвае бізнесы да рэлакацыі з Беларусі.
Гісторыя з добрым канцом
І ўсё ж хочацца скончыць нашу гісторыю добрай навіной. Праз тры дні пасля выдалення YouTube аднавіў акаўнт Reform.by. «Мы рады паведаміць вам, што мы нядаўна праверылі ваш уліковы запіс і, паглядзеўшы яшчэ раз, можам пацвердзіць, што ён не парушае нашых умоў выкарыстання. Мы знялі блакаванне вашага ўліковага запісу, і ён зноў актыўны і працуе», — напісалі рэдакцыі прадстаўнікі YouTube.
Навіна добрая, але асадачак застаўся. То-бок што атрымліваецца: паглядзелі першы раз — і выдалілі, а потым паглядзелі яшчэ раз — і зразумелі, што акаўнт нічога не парушае? Патыхае ад гэтага пафігізмам і нейкім… паблажлівым стаўленнем, ці што. У чым была праблема з акаўнтам — не растлумачылі. Дый ці была яна наогул? Вам, беларусы, гэтага не трэба ведаць. Проста радуйцеся.