«Ствараючы Беларусь». Адкрылася онлайн-выстава фатаграфій пра станаўленне незалежнай Беларусі
Сёння, 25 сакавіка, пачала працаваць віртуальная выстава фатаграфій з апошніх 30 гадоў гісторыі Беларусі. Фотапраект пад назвай «Ствараючы Беларусь» прапануе пазнаёміцца са «знакавымі кадрамі беларускай журналістыкі, якія зрабіліся візуальным архівам эпохі», паведамляе "Радыё Свабода".
«Праз фатаздымкі вы ўбачыце розныя аспекты жыцця беларусаў з 1991 году: пошук нацыянальнай ідэнтычнасці і гістарычнай памяці, пратэсты супраць аўтарытарызму, рост і эфектыўнасць грамадзянскай супольнасці, эканамічныя пераўтварэнні, прадпрымальніцтва», — гаворыцца ў прэс-рэлізе з нагоды адкрыцця онлайн-выставы «Ствараючы Беларусь».
«Стваральнікі праекту — журналісты, фатографы, публіцысты і эксперты — вырашылі не называць сябе публічна з меркаванняў бяспекі, — адзначаецца ў прэс-рэлізе. — Яны разам выступаюць з такой заявай: «Праект «Ствараючы Беларусь« — гэта наша гісторыя, гісторыя нашага народу. Мы грамадства, якое нарадзілася за 30 гадоў: і грамадзянскія ініцыятывы, і прафесійныя суполкі, і тыя, хто асабіста спрабаваў і спрабуе ўплываць на тое, што адбываецца. Мы зрабілі Беларусь. Мы — Беларусь».