Студэнтка журфака: Мне раілі маўчаць, нічога не расказваць
Студэнтка журфака БДУ Вераніка Вельб выйграла ў судзе справу супраць Гроднааблвідэапракату. Адстойваць свае правы ёй дапамагаў юрыст БАЖ Алег Агееў. Рэдакцыя Baj.by пагутарыла з Веранікай пра імідж Беларускай асацыяцыі журналістаў і ўніверсітэцкія свабоды.
— Калі пачалася справа, Аляксей Шота — рэдактар Hrodna.life, на якім быў апублікаваны матэрыял, — прапанаваў звярнуцца ў БАЖ за дапамогай. Усяго было тры паседжанні суда. На першае я ехала адна. Алег параіў мне, як паводзіцца ў судзе, што казаць. Я нічога пра гэта не ведала, было вельмі страшна.
Юрыст тасама рыхтаваў абвяржэнні пазову. Ён прадстаўляў мае інтарэсы ў судзе як давераная асоба. Мы замацавалі за ім гэты статус праз натарыяльную кантору. Таксама ён, як і суд, настойваў на экспертызе тэкста, прычым на экспертызе не цэлага тэкста, а канкрэтнага фрагмента ў кантэксце ўсяго артыкула. Менавіта да гэтых сказаў і была прэтэнзія ў «Гроднааблвідэапраката».
Таксама Алег Агееў шмат гаварыў за мяне ў судзе, бо я да гэтага зусім нічога не ведала пра судовыя працэсы. І ўвогуле не чакала, што гэта дойдзе да суда, бо не лічыла гэты тэкст надта сур’ёзным.
— Як ва ўніверсітэце паставіліся да гэтай судовай справы? Можа быць, разбіралі яе на занятках?
— Мае аднагрупнікі не ведалі пра справу, пакуль мяне не выклікалі да намесніка дырэктара інстытута. І нагода была ў тым, што я парушыла загад рэктара і не пайшла на практыку ў “Сельскую газету”, а знайшла сабе іншае месца для практыкі — сайт Hrodna.life.
Пасля гэтага стала вядома і пра суд. Я вучуся на “літаратурнай рабоце”, мне падабаецца пісаць пра культуру, мастацтва, а таксама займацца вёрсткай, графічным афармленнем і на сайце я магла гэта рабіць. Я разумела, што ў “Сельскай газеце” ў мяне такой магчымасці не будзе.
Мае аднагрупнікі, калі даведаліся пра справу, нават хваліліся мной. Некаторыя з іх стала супрацоўнічаюць з рэдакцыямі і здзіўляліся, як так — яны даўно пішуць і не было ніякіх праблем, а ў мяне суд.
Але тэкст сапраўды не быў такі, каб з‑за яго судзіцца. Гэта быў тэкст у жанры аўтарскай калонкі.
Ва ўніверсітэце нават гаварылі, што судовыя працэсы — нармальная практыка для журналіста. Раней я ў тэкстах ставіла сябе і сваё меркаванне на першы план, цяпер я пішу інфармацыйныя матэрыялы. Але гэта сумна! Напрыклад, я бяру каментары ў куратара выставы, аўтара, меркаванні наведвальніка і ўсё…
Можа быць, размяркуюць на фотасайт, з якім я цяпер супрацоўнічаю. Але хутчэй за ўсё мяне адправяць па размеркаванні ў Ліду, там ёсць раёнка.
— Добрая?
— Жахлівая!
— Можа быць, варта паехаць туды працаваць і нешта змяніць?
— Як можна нешта змяніць, калі заснавальнік — выканкам? Калі перадрукоўваюць нейкія брыдкія артыкулы з “Гродненскай праўды”, напрыклад? Я рабіла на занятках кантэнт-аналіз гэтай газеты — чытаць там няма чаго, бо вельмі суб’ектыўныя меркаванні, прапагандысцкія матэрыялы. Мне здаецца, гэта — не журналістыка.
Я вучуся на “літаратурнай рабоце” на кафедры “Літаратурнай крытыкі”. Але ніхто не ведае, што гэта ўвогуле значыць, бо ў дыпломе будзе напісана “літаратурны работнік”. Калі паступала, думала, што гэта будзе дыплом крытыка. На практыцы ў раёнцы я займалася вёрсткаю, пісала рэцэнзіі на фільмы. Мяне публікавалі, але там не было чалавека, які мог бы мне сказаць: добрая гэта рэцэнзія ці кепская. Я магу туды паехаць і рабіць гэта, але ж мне трэба вучыцца ў некага!
— На журфаку ведалі, што вам дапамагала ў судзе Беларуская асацыяцы журналістаў?
— Мне сказалі не гаварыць нікому, якая арганізацыя мне дапамагла, бо, маўляў, могуць быць праблемы. Ведала пра гэта толькі загадчыца кафедры, яна і сказала: “Маўчы, не кажы нічога”. Да слова, у рэдакцыі гродненскага сайта мне таксама раілі не расказваць, хто дапамагае, бо могуць быць праблемы ва ўніверсітэце.
Наогул за час гэтых паездак на суд я пра прафесію, рэальныя выпадкі з практыкі даведалася больш, чым за тры гады на журфаку.
Увогуле я б хацела мець свабодны дыплом і атрымаць яшчэ нейкую адукацыю, напрыклад, па графічнаму дызайну. Але думаю, што ў Беларусі я нічога вартага не знайду.
— У БДУ ёсць…
— Я не хачу яшчэ адну адукацыю БДУ (раздражнёна — аўт.). Мне хапае адной. На другім курсе я хацела забраць дакументы, але бацькі адгаварылі. Я не вельмі адчуваю сябе крытыкам, не адчуваю, што ў мяне атрымліваецца… Але мне падабаецца свабода на журфаку.
— Што маеш на ўвазе?
— Я чула, што ў некаторых універсітэтах не выпускаюць з інтэрнатаў, калі ў горадзе мітынгі, правяраюць на парах. У нас толькі падчас мітынгаў днём правяраюць наведвальнасць заняткаў. А так ніхто асабліва нічога не кажа, толькі раяць “падумаць пра сваіх бацькоў”. Мой знаёмы хадзіў на акцыі пратэста, пры тым, што ён нікога не падтрымлівае — гэта бунт дзеля бунту. Я тут адчуваю свабоду прафесіі, хаця гэта і абмежавана яшчэ савецкай сістэмай адукацыі.
— Ці вядома нешта на журфаку пра БАЖ?
— Думаю, не. Адна фраза заведуючай “Нікому не кажы пра гэта” сведчыць, што пра арганізацыю ёсць няправільнае меркаванне.
Перадгісторыя
У ліпені 2017 года студэнтка журфаку БДУ Вераніка Вельб, якая праходзіла практыку на сайце Hrodna.life, апублікавала крытычны артыкул пра гродзенскі кінавідэапракат. КУП «Гроднааблкінавідэапракат» падаў пазоў, палічыўшы, што той тэкст быў непраўдзівы ды шкодзіў дзелавой рэпутацыі.
У выніку Эканамічны суд Гродна адмовіў КУП «Гроднааблвідэапракат» у пазове да Веранікі Вельб, а таксама да Аляксея Шоты, уласніка і рэдактара сайта Hrodna.life, на якім быў апублікаваны матэрыял…