Сто базавых на дваіх: магілёўскія журналісты атрымалі велізарныя штрафы
Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва 7 верасня пакараў журналістаў-фрылансераў Аліну Скрабунову і Аляксандра Сідарэўскага штрафамі ў памеры 50 базавых велічынь кожнаму паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП — за незаконны выраб прадукцыі СМІ.
Разгляд адміністрацыйнай справы журналістаў пачаўся ў Кастрычніцкім райсудзе яшчэ 1 верасня і быў перанесены ў сувязі з хадайніцтвам Аліны Скрабуновай. Яна папрасіла аб азнаямленні з відэа, якое супрацоўнік міліцыі здымаў 18 ліпеня на мітынгу ў падтрымку кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Магілёве.
Скрабунову і Сідарэўскага абвінавацілі ў тым, што яны знялі відэасюжэт з гэтага мітынгу, які пасля быў паказаны на тэлеканале “Белсат”. Журналісты сцвярджалі, што відэа з мітынгу ў падтрымку Ціханоўскай з’яўляліся ў розных СМІ. Аднак суд Кастрычніцкага раёна палічыў, што журналісты працавалі на замежны СМІ без акрэдытацыі, хоць доказаў, што Скрабунова і Сідарэўскі маюць нейкія працоўныя адносіны з рэдакцыяй “Белсата”, так і не было прыведзена.
У выніку суддзя Вольга Краўчанка пакарала журналістаў штрафамі ў памеры 50 базавых велічынь (па 1350 рублёў кожнаму). Скрабунова і Сідарэўскі збіраюцца абскардзіць гэтае судовае рашэнне ў Магілёўскім абласным судзе.
Сёння ж, 8 верасня, у Магілёўскім абласным судзе пройдзе разгляд скаргі Аляксандра Сідарэўскага на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Магілёва, які 13 жніўня пакараў журналіста 8 суткамі адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Нагадаем, Сідарэўскага і Скрабунову 11 жніўня наўпрост на вуліцы захапілі супрацоўнікі міліцыі і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Больш за суткі пра лёс журналістаў нічога не было вядома. Судзілі Сідарэўскага і Скрабунову з парушэннем працэсуальных норм у будынку ІЧУ Магілёўскага аблвыканкама.
Скрабунова таксама была пакараная 8 суткамі арышту за парушэнне ч.1 арт.23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) 13 жніўня. Яна абскардзіла рашэнне суда Кастрычніцкага раёна, аднак на яе скаргу ў Магілёўскі абласны суд адказу пакуль няма.