Старшыня выбарчай камісіі: Давераная асоба кандыдаткі Шарэнды заклікала да звяржэння дзеючай улады
Брэсцкая абласная выбарчая камісія не задаволіла скаргу кандыдаткі ў дэпутаты, якую знялі з выбараў пасля выступу на тэлебачанні.
Агітацыйны выступ Паліны Шарэнды-Панасюк прагучаў у эфіры тэлеканала “Беларусь 3” 21 кастрычніка.
Актывістка “Еўрапейскай Беларусі” вылучалася кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Брэсцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 1. У сваёй прамове яна раскрытыкавала кіраўніцтва краіны, адзначыўшы, што Беларусь набыла статус “апошняй дыктатуры Еўропы”, а таксама запатрабавала зачыніць Астравецкую АЭС і забяспечыць грамадзянам годную аплату працы.
Пасля гэтага Паліна даведалася, што яе пазбавілі рэгістрацыі.
Праз тыдзень пасля выступу, 28 кастрычніка, Брэсцкая абласная выбарчая камісія разглядяла скаргу Паліны Шарэнды-Панасюк на рашэнне акруговага выбаркама.
Старшыня выбарчай камісіі Брэсцкай-Заходняй акругі № 1 Тамара Наумовец наступным чынам пракаментавала адмену рэгістрацыі Шарэнды-Панасюк кандыдатам у дэпутаты:
— На самым пачатку я вусна папярэджвала ўсіх кандыдатаў, што агітацыю трэба праводзіць у межах заканадаўства. Потым з міліцыі мы атрымалі два папярэджанні, а пасля яшчэ адно, з якога вынікала, што давераная асоба кандыдата Андрэй Шарэнда заклікаў да звяржэння дзеючай улады. Мы ў камісіі аднагалосна вырашылі адмяніць рашэнне аб рэгістрацыі на падставе папер з РАУС, доказаў і раздачы друкаванай прадукцыі да адкрыцця фонду кандыдата.
Старшыня абласной выбарчай камісіі Аляксандр Каляда заявіў у сваю чаргу, што словы “захаванне ўлады дыктатарам”, якія прагучалі падчас перадвыбарчага выступу Паліны Шарэнды-Панасюк на тэлебачанні, з’яўляюцца абразай. “Самае горшае, што гэтую фразу распаўсюдзіла кандыдат у дэпутаты”, — адзначыў Аляксандр Каляда.
У выніку Брэсцкая абласная выбарчая камісія аднагалосна прызнала рашэнне аб зняцці Паліны Шарэнды-Панасюк з выбараў у парламент абгрунтаваным.
Сама Паліна мае намер працягваць змагацца за права ўдзельнічаць у электаральнай кампаніі ў якасці кандыдата ў дэпутаты.