Старшыня Ганцавіцкага райвыканкама напісаў заяву ў міліцыю на журналістаў за «незаконную» анлайн-трансляцыю
Старшыні мясцовага райвыканкама Уладзіміру Бялову не спадабалася, што журналіст здымаў на відэа звычайны сход жыхароў аднаго са шматкватэрных дамоў у Ганцавічах.
У адказ галоўны рэдактар газеты “Ганцавіцкі час” Пётр Гузаеўскі намераны звярнуцца ў праваахоўныя органы з просьбай распачаць справу па артыкуле 198 Крымінальнага кодэкса РБ за перашкоду законнай журналісцкай дзейнасці.
Інцыдэнт здарыўся 22 ліпеня падчас звычайнага сходу жыхароў аднаго са шматкватэрных дамоў у Ганцавічах. Старшыні мясцовага райвыканкама Уладзіміру Бялову не спадабалася, што на сходзе, які адбываўся каля дома, прысутнічаюць журналісты незалежнага мясцовага выдання “Ганцавіцкі час” і вядуць анлайн-трансляцыю.
Дарэчы, журналісты прыехалі на сход ад самага пачатку, паспелі выслухаць скаргі жыхароў і атрымаць адказы чыноўнікаў на шэраг пытанняў. Пры гэтым ніхто са спецыялістаў не адмаўляўся каментаваць падзеі, пакуль на сустрэчу з жыхарамі не прыехаў кіраўнік раённая выканаўчай вертыкалі.
Паміж старшынёй райвыканкама Уладзімірам Бяловым і галоўным рэдактарам “Ганцавіцкага часу” Пятром Гузаеўскім адбыўся наступны дыялог.
— Вы мне перашкаджаеце працаваць, — сказаў Уладзімір Бялоў, убачыўшы ўключаную камеру.
— Гэта грамадскае месца, публічнае мерапрыемства, — адказаў Пётр Гузаеўскі.
— Я вас яшчэ раз папярэджваю: вы ж не тэлебачанне, вы ж газета.
— Мы можам любым спосабам распаўсюджваць інфармацыю, і нідзе не агаворана, як нам гэта рабіць.
— Але ваш сайт не зарэгістраваны як сродак масавай інфармацыі. (Сайт зарэгістраваны ў БелГІЭ ў 2013 годзе — заўвага аўтара.)
— Як і ваш выканкамаўскі.
— Мы там відэа не размяшчаем.
— А мы размяшчаем. Гэта не забаронена законам. Мы любы кантэнт можам размяшчаць.
— Я лічу, што вы мне перашкаджаеце, мне ваша камера замінае.
— Але вы ж публічная фігура, якая можа выступаць перад людзьмі. І ў вас ёсць магчымасць данесці інфармацыю да аўдыторыі.
— Дык у мяне з людзьмі, а не з вамі гутарка.
— А мы не людзі?
У выніку раённы чыноўнік пагутарыў з некаторымі ўдзельнікамі сходу і сышоў, а журналісты “Ганцавіцкага часу” працягвалі стрым.
Але на гэтым гісторыя не скончылася. Праз некаторы час у рэдакцыю газеты пазванілі з Ганцавіцкага РАУС і паведамілі, што
старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў паскардзіўся ў міліцыю на тое, што журналісты Пётр Гузаеўскі і Сяргей Багроў нібыта ладзілі незаконную відэатрансляцыю.
Журналісты далі тлумачэнні міліцыі, пасля чаго галоўны рэдактар выдання Пётр Гузаеўскі паведаміў пра намер звярнуцца ў праваахоўныя органы з просьбай распачаць крымінальную справу на падставе артыкула 198 (“Перашкода законнай журналісцкай дзейнасці”).
Паводле галоўнага рэдактара, учынкі старшыні райвыканкама, яго прадузятасць да журналістаў газеты “Ганцавіцкі час» і раней выклікалі здзіўленне, але апошнія дзеянні выходзяць за межы не толькі прыстойнасці, але і парушаюць правы і законныя інтарэсы супрацоўнікаў рэдакцыі.
“Грамадзяне маюць права ведаць пра дзейнасць мясцовай улады, а пазбаўляць іх магчымасці атрымліваць гэтую інфармацыю, забараняць працаваць журналістам — такі ўчынак відавочна не пасуе Уладзіміру Бялову”, — лічыць Пётр Гузаеўскі.