Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец: «Сведчанне таго, як рэжым ставіцца да свабоды слова і ЮНЭСКА»
Год таму Беларуская асацыяцыя журналістаў стала лаўрэатам Сусветнай прэміі ЮНЭСКА / Гільерма Кано за ўнёсак у свабоду прэсы. Аднак з таго моманту сітуацыя бадай толькі пагоршылася, і гэта сведчанне таго, як беларускія ўлады ставяцца да базавых правоў чалавека і рашэнняў міжнародных арганізацый, лічыць старшыня журналісцкай праваабарончай арганізацыі Андрэй Бастунец.
— У той дзень БАЖ атрымаў яшчэ дзве прэміі — Difference Day Honorary Title у Брусэлі (Ганаровы тытул Дня разнастайнасці) і «Свабода прэсы 2022» ад «Рэпарцёраў без межаў», — узгадвае Андрэй Бастунец. — Аднак асабліва важна было атрымаць менавіта Сусветную прэмію ЮНЭСКА / Гільерма Кано.
Рашэнне вылучыць Беларускую асацыяцыю журналістаў на прэмію ЮНЭСКА падтрымалі 46 дзяржаў, у тым ліку 27 краін-сябраў Еўразвяза.
Як падкрэслівалася падчас урачыстай цырымоніі, такім чынам арганізацыя выказала падтрымку журналістам ва ўсім свеце, якія крытыкуюць, выступаюць супраць і выкрываюць аўтарытарных палітыкаў і рэжымы, перадаюць праўдзівую інфармацыю і прасоўваюць свабоду выказвання меркаванняў.
— Тады Беларусь і беларуская журналістыка зноў трапілі на першыя старонкі газет, — звярнуў увагу старшыня БАЖ. — Патэнцыяльная аўдыторыя цырымоніі ўзнагароджання, якая транслявалася па Euronews, складала 157 мільёнаў чалавек.
На жаль, гэта не змяніла стаўленне беларускага рэжыму да незалежных медыяў, журналістаў і цалкам да свабоды слова. Колькасць прадстаўнікоў СМІ за кратамі ўсё большае, ганебны «экстрэмісцкі спіс» павялічваецца літаральна кожны дзень, працягваецца эміграцыя і адток прафесіяналаў з краіны.
— Мы бачым, як беларускія ўлады лічацца з базавымі правамі чалавека, — падсумоўвае Андрэй Бастунец. — Пасля прызнання ЮНЭСКА наша арганізацыя была названая экстрэмісцкім фармаваннем. Гэта сведчанне таго, як беларускі рэжым ставіцца да аўтарытэтных міжнародных арганізацый і дэманструе адарванасць ад цывілізаванага свету.
Чытайце яшчэ:
Беларуская асацыяцыя журналістаў стала лаўрэатам Сусветнай прэміі ЮНЭСКА
Журналісты 38 краін Еўропы выказалі поўную падтрымку калегам з Беларусі падчас Штогадовага сходу ЕФЖ
Спецдакладчык ААН па сітуацыі з праваабаронцамі Мішэль Форст параіў журналістам звяртацца да яго наўпрост